У паўднёваафрыканскай правінцыі Лімпапо адбылася аўтакатастрофа, у выніку якой загінулі 45 чалавек: з моста зваліўся аўтобус з паломнікамі, якія скіроўваліся з Батсваны на велікодную службу ў горад Морыа, піша Руская служба Бі-бі-сі.
Як мяркуецца, кіроўца страціў кіраванне, і аўтобус урэзаўся ў агароджу, праламаў яе і зваліўся ў цясніну з вышыні блізу 50 метраў.
Гэта адбылося на горным перавале Маматлакала паміж гарадамі Макапанэ і Маркен, прыкладна за 300 км на поўнач ад Ёханэсбурга, паведамляе паўднёваафрыканскі грамадскі вяшчальнік SABC.
З усіх, хто быў у аўтобусе, выжыла толькі васьмігадовая дзяўчынка. Яна атрымала сур’ёзныя траўмы, але знаходзіцца ў стабільным стане.
«Мы лічым, што ў момант, калі аўтобус сутыкнуўся з бар’ерам на мосце, дзяўчынку выкінула з аўтобуса, і таму яна змагла выжыць», — сказаў Бі-бі-сі афіцыйны прадстаўнік паўднёваафрыканскага Міністэрства транспарту Солін Мсібі.
Пасля катастрофы, якая адбылася 28 сакавіка, пачалася выратавальная аперацыя, што доўжылася да раніцы пятніцы. З цясніны дасталі целы загінулых, аднак толькі дзевяць з іх удалося ідэнтыфікаваць. У выніку сутыкнення аўтобус загарэўся, таму рэшткі многіх ахвяр катастрофы былі пашкоджаныя.
Міністр транспарту ПАР Сіндысівэ Чыкунга расказаў выданню eNCA, што дарога, з якой зваліўся аўтобус, вылучаецца мноствам «стромкіх паваротаў, вельмі вострых кутоў». «Я б ніколі не параіў выкарыстоўваць гэтую дарогу кіроўцам вялікіх транспартных сродкаў, такіх як аўтобусы ці грузавыя машыны», — кажа міністр.