Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Амкодор» национализировали решением Мингорисполкома с грифом ДСП? BELPOL передал «Зеркалу» непубличный документ
  2. «Обоим грозит исключительная мера». Застреленного в прошлом году мужчину заподозрили в подготовке теракта, по делу проходят его родители
  3. Путин согласен с предложением прекратить боевые действия в Украине, «но есть нюансы»
  4. Лукашэнка паскардзіўся, што яго ў Расіі «перыядычна» абвінавачваюць ва «ўтрыманстве», і прывёў свае аргументы, чаму гэта не так
  5. Навошта Лукашэнку паклікалі ў Маскву, дзе ён заявіў, што Беларусь не ўвойдзе ў склад Расіі? Спыталі ў аналітыка
  6. Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным завысіў яўку на мінулых выбарах і колькасць галасоў у сваю падтрымку
  7. Улады перажываюць праз адток моладзі і думаюць, як яе ўтрымаць. Расказваем пра ідэі з закрытага дакумента (вам не спадабаецца)
  8. «Занадта блізкі да Украіны». Трамп адхіліў галоўнага прадстаўніка ЗША на перамовах праз прэтэнзіі Крамля — СМІ
  9. Заявления Путина о прорыве в Курской области могут говорить о его желании «затушевать» отказ от перемирия — эксперты
  10. «Я бы сделала это и бесплатно». Поговорили с беларуской, которая сыграла в фильме, получившем пять наград на «Оскаре»
  11. Чыноўнікі шмат разважаюць, што зрабіць, каб медработнікі не з'язджалі з краіны. Медсястра з мінскай бальніцы дала ім просты адказ
Читать по-русски


Памочнік Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка заявіў, што пашпарт Новай Беларусі могуць пачаць выдаваць у пачатку наступнага года. Колькі будзе каштаваць дакумент, як будзе захоўвацца бяспека звестак і праходзіць верыфікацыя заяўнікаў? Гэтыя і іншыя пытанні «Люстэрка» задало прадстаўніку Аб’яднанага пераходнага кабінета па замежных справах Валерыю Кавалеўскаму.

Эскиз паспорта новой Беларуси. Август 2023 года. Иллюстрация: ОПК
Эскіз пашпарта Новай Беларусі. Жнівень 2023 года. Ілюстрацыя: АПК

«У прыярытэце людзі, у якіх ёсць тэрміновасць»

— Франак Вячорка казаў, што пашпарты Новай Беларусі пачнуць выдаваць ужо з 1 студзеня 2024 года. Ці так гэта і якія тэрміны рэальныя?

— Так, я думаю, што прыкладна ў пачатку года мы ўжо зможам вырабіць узоры і адправіць іх у Еўрапейскую камісію і ва ўрадавыя ўстановы іншых краін, каб яны заняліся разглядам запыту на прызнанне гэтага дакумента.

Паралельна мы можам пачынаць выдаваць пашпарты, папярэджваючы беларусаў, якія будуць падаваць заяўкі, што працэс прызнання толькі пачынаецца, што гэта можа заняць пэўны час. Але, вядома, са свайго боку будзем прыкладаць намаганні для таго, каб гэтае прызнанне было і наступіла як мага хутчэй.

— То-бок вы пачняце выдаваць пашпарты да таго, як будуць заключаныя пагадненні пра іх прызнанне?

— Так, цалкам магчыма. У людзей ёсць розная ступень тэрміновасці атрымання гэтага дакумента. Камусьці гэта трэба як мага хутчэй, хтосьці спрабуе вырашыць практычныя праблемы з дапамогай гэтага дакумента, а камусьці проста хочацца мець такі пашпарт. Мы будзем старацца прыярэтызаваць менавіта заяўкі ад людзей, у якіх ёсць тэрміновасць, у якіх, напрыклад, скончыўся або заканчваецца тэрмін дзеяння пашпарта або дакументы былі страчаныя.

— Хто будзе займацца выдачай пашпартоў?

— Гэта асаблівы від дзейнасці, які патрабуе спецыяльных аперацый — прыём заявак, верыфікацыя, збор і захоўванне звестак, іх адміністраванне. Для гэтага будзе створанае спецыяльнае прадпрыемства, аддзеленае ад палітычных структур, у якога будзе спецыяльная працэдура па ўсіх гэтых момантах. І менавіта выразнасць і яснасць выканання гэтых працэдур будуць важнымі фактарамі для таго, каб праект пашпарта прызнаваўся і беларусамі, і замежнымі партнёрамі.

— Хто будзе ўладальнікам гэтага прадпрыемства? Як гэта будзе юрыдычна аформлена?

— Цяпер мы абмяркоўваем з юрыстамі, як будзе выглядаць юрыдычная архітэктура гэтага прадпрыемства. Папярэдне гэта будуць Аб’яднаны пераходны кабінет і Офіс Святланы Ціханоўскай. Ёсць такое разуменне, хоць пакуль гэтае пытанне яшчэ да канца не вырашанае.

«Падробкі могуць быць у любых дакументаў»

— Дзе будуць захоўвацца персанальныя звесткі беларусаў, якія звярнуліся па атрыманне пашпарта, і як яны будуць абароненыя?

— Гэта вельмі тэхнічнае пытанне, і на дадзены момант я не гатовы на яго адказаць. Але мы будзем кіравацца нормамі і стандартамі Еўрапейскага саюза. Мы знаходзімся ў ЕС, і гэтае прадпрыемства будзе таксама дзейнічаць у межах юрысдыкцыі ЕС.

Бяспецы персанальных звестак будзе нададзеная першарадная ўвага. Мы разумеем, што гэта пытанне даверу да самога пашпарта з боку як беларусаў, так і нашых замежных партнёраў. Таму абарона звестак будзе вельмі важнай задачай для нас.

— Дзе будзе друкавацца пашпарт і хто будзе гэтым займацца?

— Мы заключым пагадненне з друкавальнай кампаніяй, якая займаецца вытворчасцю дакументаў. Гэта спецыялізаванае прадпрыемства, у якога ёсць неабходнае абсталяванне і досвед вытворчасці пашпартоў.

— Як будзе забяспечаная абарона пашпарта?

— Тая версія пашпарта, якая была прэзентаваная 6 жніўня падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве, ужо змяшчае неабходную колькасць ахоўных уласцівасцяў згодна са стандартамі Міжнароднай арганізацыі па авіяцыі. Кампанія, якая будзе вырабляць пашпарт, дапамагала насыціць эскіз дакумента неабходнымі ахоўнымі ўласцівасцямі.

— Не баіцеся, што могуць з’явіцца падробкі?

— Падробкі могуць з’явіцца ў любых дакументаў. Але ўзровень абароны пашпарта будзе такі, што зрабіць гэта будзе вельмі складана. Магу сказаць, што Еўрапейская камісія і яе эксперты вывучалі праект пашпарта, яго эскіз і прыйшлі да высновы, што ён цалкам адпавядае стандартам.

«Цана не будзе такой, як цяпер у Беларусі»

— Якім будзе кошт пашпарта для беларусаў?

— Мы не гаворым пра кошт пашпарта, мы гаворым пра кошт паслуг, звязаных з яго вытворчасцю і выдачай. На гэты момант я не магу назваць дакладную суму, якую трэба будзе заплаціць за такія паслугі. Я думаю, што ў найбліжэйшыя некалькі месяцаў мы прыйдзем да гэтага разумення.

— У Беларусі дзяржпошліна за атрыманне пашпарта сёння складае 37 рублёў за звычайны і 74 рублі за біяметрычны. Пашпарт Новай Беларусі будзе нашмат даражэйшы?

— Я б арыентаваўся на стандарты, якія існуюць у Еўрапейскім саюзе. Мы знаходзімся не ў Беларусі, у нас няма сваіх вытворчых магутнасцяў, мы будзем звяртацца па паслугі што да друку, ацэнкі дакументаў да падрадчыкаў. Таму трэба разумець, што кошт не будзе такі, як ёсць цяпер у Беларусі.

— Ці ёсць ужо зрухі ў пытанні будучага прызнання пашпарта Новай Беларусі?

— Пакуль я не буду называць краіны, з якімі ў нас ёсць папярэднія дамоўленасці. Перамовы працягваюцца, у нас пастаянныя кантакты з замежнымі партнёрамі.

Для таго каб краіны сур’ёзна пачалі разглядаць гэтае пытанне, паводле сваіх працэдур, яны павінныя атрымаць фізічныя ўзоры дакумента. Толькі пасля гэтага размова пяройдзе ў больш практычную плоскасць. Пакуль мы інфармуем, тлумачым важнасць гэтага дакумента.

Прызнанне дапаможа вырашыць праблемы і беларусаў, і саміх гэтых краін. Таму пакуль ідзе інфармацыйная праца, мы рыхтуем глебу, і калі будуць гатовыя фізічныя ўзоры, тады мы зможам пераводзіць пытанне ў больш практычную плоскасць.

«Гаворым не пра месяцы, а пра тыдні»

— Як будзе праходзіць верыфікацыя заяўнікаў і якія будуць патрэбныя дакументы для падачы заяўкі на атрыманне пашпарта?

— Не дам вам цяпер вычарпальнага адказу на гэтае пытанне. Могуць быць розныя сітуацыі. Напрыклад, па пашпарт могуць звяртацца людзі са згубленымі дакументамі. Гэта беларускія грамадзяне. І мы будзем асобна вывучаць такія заяўкі. Але пакуль не магу вам назваць вычарпальны спіс дакументаў. Думаю, у свой час мы абавязкова праінфармуем пра гэта.

— Колькі часу будзе праходзіць ад падачы заяўкі да атрымання пашпарта?

— Тэрмін не будзе вялікім. Мы будзем імкнуцца выбудаваць сістэму на высокім узроўні аўтаматызацыі. І я не думаю, што мы будзем казаць пра месяцы. Адназначна не. Магчыма, пра тыдні, але гэта таксама можа залежаць ад таго, які будзе попыт.

Калі попыт будзе высокім, то, адпаведна, гэта можа ўплываць на тэрміны вырабу дакумента. Дакладней, запіс на інтэрв'ю, апрацоўка звестак, вытворчасць дакумента, яго адпраўка ўладальніку. Будуць пэўныя фактары, якія могуць паўплываць на тэрмін для задавальнення кожнай заяўкі.

— Ці будзе аказвацца консульская дапамога ўладальнікам пашпарта і хто будзе гэтым займацца?

— Цяпер гаворка ідзе пра тое, каб даць беларусам дакумент, які будзе пацвярджаць беларускае грамадзянства і якім можна будзе карыстацца для паездак, атрымання візаў, перасячэння межаў. Пакуль мы канцэнтруемся на гэтай функцыі.

Што да консульскай падтрымкі, то на фоне таго ўказа, які быў выдадзены Лукашэнкам, мы імкнёмся ў кантактах з урадамі краін Еўрапейскага саюза ў першую чаргу вырашаць пытанні таго, якім чынам кампенсаваць адмову рэжыму Лукашэнкі ад выканання сваіх абавязанняў перад нашымі грамадзянамі ў плане аказання консульскіх паслуг.

«Праз чат-бот у Telegram жаданне атрымаць пашпарт ужо выказалі 57 тысяч беларусаў»

— Але ці змогуць уладальнікі пашпартоў Новай Беларусі атрымліваць паслугі, якія даступныя ўладальнікам афіцыйных беларускіх пашпартоў, у прыватнасці даверанасці, даведкі? Ці можна будзе, напрыклад, зарэгістраваць дзяцей, упісаць іх у пашпарт?

— Мы будзем імкнуцца да таго, каб беларусы атрымлівалі максімальны аб’ём паслуг. Але гэта ўжо такія сапраўды консульскія функцыі, па якіх трэба будзе распрацоўваць спецыяльныя працэдуры, рыхтаваць людзей для гэтага. На сённяшні дзень мы канцэнтруемся менавіта на тым, каб выпусціць сам пашпарт.

— Колькі беларусаў ужо выказалі жаданне атрымаць пашпарт Новай Беларусі і як хутка вы справіцеся з наплывам заявак? Напэўна, адразу пасля пачатку прыёму іх будзе шмат.

— Праз чат-бот у Telegram жаданне атрымаць пашпарт ужо выказалі 57 тысяч беларусаў. Я думаю, што, сапраўды, спачатку будзе вялікая колькасць заявак. У першую чаргу мы будзем аддаваць перавагу людзям, у якіх цяпер праблемы з дакументамі.

Думаю, нашую рэальную прапускную здольнасць мы зможам ацаніць крыху бліжэй да запуску праекта. Калі ў нас будуць ужо больш канкрэтныя дамоўленасці з нашымі партнёрамі што да верыфікацыі заяўнікаў і вытворчасці пашпартоў. Вядома, мы разумеем, што шмат людзей захоча атрымаць гэты дакумент. Таму будзем старацца зрабіць так, каб іх заяўкі апрацоўваліся хутка. Я ўжо казаў пра 57 тысяч патэнцыйных заявак, але мы ацэньваем, што гэтая лічба можа даходзіць да паўмільёна.

— Калі беларус жыве ў Еўрасаюзе ці ў іншай частцы свету, у яго ўжо ёсць дзейны від на жыхарства, які быў атрыманы з афіцыйным беларускім пашпартам, то ці зможа ён потым, паказаўшы пашпарт Новай Беларусі, падоўжыць свой від на жыхарства?

— Калі пашпарт Говай Беларусі ў гэтай краіне будзе прызнаны, то яго ўладальнік зможа звяртацца па падаўжэнне віду на жыхарства.

— Што рабіць людзям, у якіх афіцыйны беларускі пашпарт скончыўся ці хутка скончыцца? Паехаць у Беларусь для атрымання новага яны не могуць, а пашпарт Новай Беларусі пакуль не выдаюць.

— Трэба абавязкова карыстацца нацыянальнымі працэдурамі. У многіх краінах ёсць такія асаблівыя інструменты. Напрыклад, пашпарт замежніка. 7 верасня мы ўдакладнялі ў літоўскага Міністэрства ўнутраных справаў, і ўжо ёсць інструкцыя, якая пацвярджае, што са скончаным пашпартам можна звярнуцца па атрыманне віду на жыхарства, і такі дакумент будзе выдадзены.

Чытайце таксама