Гандлёвыя сеткі б’юць трывогу праз недахоп агуркоў. На гэтым фоне ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) прагназавалі магчымы дэфіцыт прадукту ў красавіку. Гэта вынікае з непублічнага ліста гэтага ведамства ў Мінсельгасхарч, які «Люстэрка» атрымала з дапамогай BELPOL.
«На спажывецкім рынку рэспублікі прагназуецца сітуацыя з магчымым дэфіцытам агуркоў свежых, якія вырошчваюцца цяплічнымі камбінатамі рэспублікі», — так пачынаецца ліст МАРГ, датаваны 1 красавіка 2025 года. Далей там удакладняюць, што ў міністэрства пачалі паступаць паведамленні ад гандлёвых сетак з просьбай дапамагчы з забяспечаннем рынку гэтай гароднінай у красавіку.
Сярод прычын перабою з пастаўкамі ў ведамстве адзначылі невыкананне вытворцамі планаў па аб’ёмах прадукцыі, якую мусілі прадаваць на ўнутраны рынак, а таксама «змяненне цыклу іх вырошчвання» ў канцы сакавіка.
Напрыклад, як сцвярджаюць у структуры, «Еўрагандаль» атрымаў менш за палову ад таго аб’ёму, пра які загадзя дамовіўся з пастаўшчыкамі. А ў «Дабранома» праблемы з атрыманнем прадукту яшчэ з 23 сакавіка.
У цэлым у сакавіку вытворцы агуркоў таксама не забяспечвалі гандаль такой колькасцю прадукту, як чакалася. Прычым парушалі планы дзяржаўныя кампаніі: «ДорОрс» забяспечыў гандаль толькі прыкладна паловай ад планаваных аб’ёмаў, «Весна-энерго» і «Агро Фавит» — каля 60%.
У канцы ліста МАРГ папрасіў Мінсельгасхарч забяспечыць гандлёвую сетку (з тэксту не вельмі зразумела, ідзе гаворка канкрэтна пра «Дабраном» ці маецца на ўвазе рытэйл у цэлым) прадуктам, каб пазбегнуць дэфіцыту перад Вялікаднем. Таксама ведамства параіла вызначыць канкрэтных пастаўшчыкоў, якія маюць неабходныя аб’ёмы свежых агуркоў у красавіку і траўні, і зацвердзіць графік іх пастаўкі рытэйлерам. «Гэта дазволіць кантраляваць рэсурсы і забяспечыць вытворцам гарантаваны збыт выгадаванай прадукцыі», — падкрэслілі ў МАРГ.
Нагадаем, гэта не першы выпадак, калі з’яўляюцца праблемы менавіта з гэтым прадуктам, выгадаваным у Беларусі. Напрыклад, дэфіцыт узнік увосень 2024 года. Чыноўнікі звязвалі яго з актыўным экспартам. Урад тады ўмяшаўся, запатрабаваўшы прыярытэтных паставак на ўнутраны рынак. А ў лютым 2025-га Раман Галоўчанка адрапартаваў, што чальцы ўрада «цалкам забяспечылі ўнутраны рынак агурком у міжсезонне».