Апошнім часам у зоне адказнасці Жытомірскага памежнага атрада Дзяржаўнай памежнай службы Украіны фіксуецца павелічэнне групоўкі ўкраінскіх узброеных фармаванняў, у тым ліку сіл спецыяльных аперацый і спецпадраздзяленняў Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага Дзяржпамежкамітэта і папярэдзілі пра «недапушчальнасць правакацый».
У беларускім памежным ведамстве расказалі, што на ўкраінскай тэрыторыі ля мяжы з нашай краінай «канцэнтруюцца розныя падраздзяленні, у тым ліку з цяжкім узбраеннем: МТЛБ, БМП, уключаючы амерыканскія Bradley, рэактыўныя сістэмы залпавага агню HIMARS, гаўбіцы М777, зенітныя самаходныя ўстаноўкі „Гепард“ нямецкай вытворчасці, а таксама іншыя сродкі паразы».
«Памежная служба Рэспублікі Беларусь на мяжы з Украінай нясе службу ва ўзмоцненым рэжыме і сумесна з Міністэрствам абароны рэагуе на змяненне абстаноўкі шляхам павелічэння шчыльнасці прыкрыцця дзяржаўнай мяжы, у тым ліку за кошт магчымасцяў забяспечаных сучасным узбраеннем і ваеннай тэхнікай манеўраных груп паўднёвага напрамку. Праводзяцца дадатковыя мерапрыемствы па выведцы і кантролі стану рэжыму дзяржаўнай мяжы», — паведамілі ў ДПК.
У ведамстве падкрэслілі, што ахова мяжы праводзіцца «ў цесным узаемадзеянні з часткамі і злучэннямі Узброеных сіл» і скіраваная на «недапушчэнне нагнятання абстаноўкі на мяжы і папярэджанне правакацый».
«Усе яны будуць неадкладна спыняцца суб’ектамі забяспечання нацыянальнай бяспекі», — папярэдзілі ў ДПК.