Дэпутаты прынялі ў другім чытанні дакумент, які карэктуе закон пра прэзідэнта Беларусі. Пра гэта паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Дакумент прыводзіць нарматыўны акт у адпаведнасць са змяненнямі Канстытуцыі, якія былі прынятыя на рэспубліканскім рэферэндуме 27 лютага 2022 года, а таксама з прадпісаннямі закона «Пра дзяржаўную службу».
Законапраект у прыватнасці ўтрымлівае палажэнні, скіраваныя на замацаванне канстытуцыйных патрабаванняў да кандыдата на пасаду прэзідэнта, аптымізацыю паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы, у тым ліку па пытаннях аховы дзяржаўнага суверэнітэту, нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны, забяспечання функцыянавання найвышэйшых судовых органаў і Цэнтральнай выбарчай камісіі, звароты ў Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь.
Таксама дакумент акрэслівае сістэму гарантый экс-прэзідэнтам і іх сем’ям.
— Устанаўліваецца, што прэзідэнт, які спыніў выкананне паўнамоцтваў у сувязі з заканчэннем тэрміну яго знаходжання на пасадзе альбо датэрмінова ў выпадку яго адстаўкі ці стойкай недзеяздольнасці па стане здароўя ажыццяўляць абавязкі прэзідэнта, мае недатыкальнасць, — каментавала папраўкі раней спікер Савета Рэспублікі Наталля Качанава.
Яго нельга будзе прыцягваць да адказнасці за тое, што ён рабіў, выконваючы прэзідэнцкія паўнамоцтвы. Будзе забаронена затрымліваць, у цэлым пазбаўляць волі былога прэзідэнта на такіх падставах.
Нагадаем, законапраект, з пэўнымі выключэннямі, становіцца законам пасля прыняцця Палатай прадстаўнікоў і ўхвалення Саветам Рэспублікі. Пасля гэтага ён аддаецца на подпіс Аляксандру Лукашэнку. Перад падпісаннем законапраекта ён можа быць скіраваны ў Канстытуцыйны суд для правядзення папярэдняга кантролю на прадмет канстытуцыйнасці.
Чытайце таксама