Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Днямі на дзяржтэлебачанні паказалі прапагандысцкі фільм, дзе на плячы ў палітвязня, што даваў інтэрв'ю, заўважылі трохкутную бірку. Раней трапляліся і іншыя падобныя кадры, ужо некалькі гадоў вядома, што палітвязняў адзначаюць жоўтымі нашыўкамі. Зрэшты, гэта толькі частка цэлай сістэмы маркіровак розных колераў і з рознымі абрэвіятурамі, з дапамогай якіх у беларускіх калоніях і турмах «сартуюць» людзей па катэгорыях. Як патлумачыла нядаўняя палітзняволеная Антаніна Канавалава, жоўтым колерам у калоніях пазначаюць людзей, схільных да «экстрэмісцкай» або «іншай дэструктыўнай» дзейнасці, да суіцыду, калечання, непадпарадкавання ці нападу на адміністрацыю. А чырвоную бірку прымушаюць нашыць чалавека, схільнага да ўцёкаў. Між тым такую сістэму вынайшла не Беларусь. Расказваем, у якой яшчэ краіне і калі практыкавалася сартаванне людзей, пазбаўленых волі, з дапамогай рознакаляровых бірак і ці робяць так у іншых краінах свету.

Бывшая заключенная Дарья, после почти трех лет проведенных в беларусской колонии, в халате, который она носила в женской колонии и смогла вывезти из колонии, а также с дубликатом нашивки, которые носят политзаключенные в беларусских колониях, в Варшаве, П
Былая зняволеная Дар’я ў халаце, які яна насіла ў жаночай калоніі, з трохкутнай нашыўкай на плячы. Варшава, Польшча, 19 траўня 2024 года. Фота: Reuters

Каляровыя трохкутнікі нацыстаў

У канцэнтрацыйныя лагеры, створаныя ў Германіі пасля прыходу да ўлады дыктатара Адольфа Гітлера, людзі маглі трапіць з вельмі розных прычын. У пачатку сваёй страшнай гісторыі канцлагеры напаўняліся ў асноўным палітвязнямі, бо аднымі з першых нацысты пачалі пераследаваць сваіх палітычных апанентаў — камуністаў, сацыял-дэмакратаў і прафсаюзных дзеячаў. Хутка пад расправу трапілі і сведкі Іеговы, якія з рэлігійных меркаванняў адмаўляліся служыць у вермахце і прыносіць прысягу на вернасць Гітлеру.

З 1933 года нацысты, якія лічылі сэксуальныя адносіны паміж мужчынамі разбуральнай заганай, пераследавалі геяў. Спачатку мужчын, абвінавачаных у гомасэксуальных сувязях, трымалі ў турмах. Пазней іх пасля адбыцця турэмнага тэрміну пачалі адпраўляць у канцлагеры.

Наступнай і самай шматлікай катэгорыяй людзей, якія траплялі ў канцлагеры, сталі тыя, каго нацысты лічылі расава непаўнавартаснымі. Гэта былі габрэі, цыгане, а таксама прадстаўнікі славянскіх этнасаў — беларусы, палякі, украінцы, рускія і іншыя. З пачаткам баявых дзеянняў падчас Другой сусветнай вайны ў лік вязняў канцлагераў сталі трапляць і ваеннапалонныя.

Карточка заключенного Федора Лапина из Бобруйска, узника нацистского концлагеря Штуттгоф в польском поселке Штутово на берегу Балтийского моря, к востоку от Гданьска, музейный экспонат. Фото: "Зеркало"
Картка зняволенага, 19-гадовага партызана Фёдара Лапіна з Бабруйска, вязня нацысцкага канцлагера Штутгаф у польскім пасёлку Штутава на беразе Балтыйскага мора, на ўсход ад Гданьска, музейны экспанат. Фота: «Люстэрка»

Недзе з 1937 года, калі і зняволеных, і розных катэгорый, да якіх яны адносіліся, стала шмат, ваенізаваная арганізацыя нацыстаў СС, якая загадвала канцлагерамі, увяла сістэму маркіроўкі для зняволеных. З аднаго боку, гэта зрабілі для зручнасці ахоўнікаў і іншага персаналу лагераў, якія атрымалі магчымасць хутка і лёгка адрозніваць вязняў па характары і ступені іх «віны». З іншага, гэтыя біркі выкарыстоўваліся як дадатковы інструмент для стыгматызацыі розных катэгорый людзей, што рабіла іх знаходжанне ў канцлагерах яшчэ больш невыносным.

Як і ў беларускіх калоніях, біркі, якія зняволеныя нацысцкіх канцлагераў мусілі нашываць на свае робы, маглі быць прастакутнымі і трохкутнымі. На прастакутных быў нумар зняволенага, які ў лагеры прысвойваўся чалавеку замест яго імені (да гэтых нумароў мы яшчэ вернемся крыху пазней). Рознакаляровыя трохкутныя біркі адной вяршыняй уніз і іх камбінацыі выкарыстоўваліся для распазнавання зняволеных розных катэгорый.

Памятка для лагерной охраны СС «Маркировка заключенных в концлагерях». Фото: United States Holocaust Memorial Museum, Washington, commons.wikimedia.org
Памятка для лагернай аховы СС «Маркіроўка зняволеных у канцлагерах». Фота: United States Holocaust Memorial Museum, Washington, commons.wikimedia.org
Цветные бирки с номерами заключенных нацистского концлагеря Штуттгоф в польском поселке Штутово на берегу Балтийского моря, к востоку от Гданьска, музейный экспонат. Фото: "Зеркало"
Каляровыя біркі з нумарамі зняволеных нацысцкага канцлагера Штутгаф у польскім пасёлку Штутава на беразе Балтыйскага мора, на ўсход ад Гданьска, музейны экспанат. Фота: «Люстэрка»

Вось каму якія колеры адпавядалі:

  • чырвоны — палітвязні;
  • чырвоны перавернуты (адной вяршыняй уверх) — дэзерціры, шпіёны і ваеннапалонныя;
  • карычневы — рома (цыгане) і енішы (качавая этнаграфічная група, распаўсюджаная ў Германіі і некаторых суседніх краінах);
  • зялёны — «звычайныя» злачынцы (крымінальнікі);
  • фіялетавы — сведкі Іеговы;
  • ружовы — гомасэксуальныя мужчыны;
  • чорны — «асацыяльныя элементы»: людзі з псіхічнымі разладамі, алкаголікі, наркаманы, бяздомныя, жабракі, прастытуткі. У некаторых канцлагерах чорныя трохкутнікі прымушалі нашываць і цыган;
  • два жоўтыя трохутнікі, нашытыя адзін на адзін у форме зоркі Давіда, — габрэі.

Камбінацыя жоўтага трохкутніка і біркі іншага колеру пазначала габрэя, уключанага ў адну з іншых груп. Напрыклад, чырвоны трохкутнік над жоўтым абазначаў габрэя-палітвязня.

Заключенные концлагеря Бухенвальд с бирками евреев – «асоциальных элементов». 1938 год. Фото: United States Holocaust Memorial Museum, Photograph #13132, Public Domain, commons.wikimedia.org
Зняволеныя канцлагера Бухенвальд з біркамі габрэяў — «асацыяльных элементаў». 1938 г. Фота: United States Holocaust Memorial Museum, Photograph #13132, Public Domain, commons.wikimedia.org

У якасці пакарання зняволеных маглі ўключыць у «штрафную групу» — да такіх людзей лагерная ахова ставілася з асаблівай жорсткасцю. У нейкай ступені гэта адпавядае беларускай маркіроўцы жоўтымі біркамі зняволеных, схільных да «экстрэмізму» або «іншай дэструктыўнай дзейнасці». Праўда, у сістэме нямецкіх лагераў «штрафны» статус пазначаўся дадатковай круглай біркай з чорнай кропкай унутры чорнага кола. А схільных да ўцёкаў пазначалі круглай біркай з чырвонай кропкай унутры (у беларускіх калоніях, нагадаем, для іх таксама ўжываецца чырвоны колер).

Зверху на трохкутніках маглі быць дададзеныя літары, якія пазначалі грамадзянства вязня. Літарай В пазначаліся бельгійцы, F — французы, I — італьянцы, J — югаславы, N — нідэрландцы, P — палякі, Li — літоўцы, SU — савецкія ваеннапалонныя, S — іспанцы, T — чэхі, U — венгры.

Голландские евреи в концентрационном лагере Маутхаузен. Июнь 1941 года. Фото: Photographed by a stringer of SS newspaper "Das Schwarze Korps" - United States Holocaust Memorial Museum, Photograph #83718, Public Domain, commons.wikimedia.org
Нідэрландскія габрэі ў канцэнтрацыйным лагеры Маўтхаўзэн. Чэрвень 1941 г. Фота: Photographed by a stringer of SS newspaper «Das Schwarze Korps» — United States Holocaust Memorial Museum, Photograph #83718, Public Domain, commons.wikimedia.org

Ад бірак да татуіровак

Тых вязняў канцлагераў, каго адразу па прыбыцці збіраліся адправіць на пакаранне ў газавую камеру, не рэгістравалі, і нумароў яны не атрымлівалі (відаць, так нацысты яшчэ і хавалі сапраўдныя маштабы злачынстваў). А вось тым, каго выбралі для работ і пакуль не збіраліся забіваць, прысвойваліся серыйныя рэгістрацыйныя нумары. Іх трэба было вывучыць і ўмець вымаўляць на нямецкай мове. Спачатку вязні насілі гэтыя нумары нашытымі ў выглядзе бірак на робах. Але яны часта паміралі, пасля чаго вопратку з трупаў хутка здымалі і перадавалі новым партыям зняволеных. Тады лагерныя бюракраты не маглі апазнаць цела памерлага.

12-летний Алеша Лебедев, выживший в Аушвице, демонстрирует свою татуировку с регистрационным номером. Детдом в Киеве, 1946 год. Фото: Georgiy Ivanovitsj Oegrinovitsj, Public Domain, commons.wikimedia.org
12-гадовы Алёша Лебедзеў, які выжыў у Аўшвіцы, дэманструе сваю татуіроўку з рэгістрацыйным нумарам. Дзіцячы дом у Кіеве, 1946 год. Фота: Georgiy Ivanovitsj Oegrinovitsj, Public Domain, commons.wikimedia.org

Таму пазней распаўсюдзілася практыка наносіць нумары на цела зняволеным у выглядзе татуіровак, у тым ліку маленькім дзецям. Для гэтага выкарыстоўваліся спецыяльныя металічныя штампы са зменнымі лічбамі, сабранымі з іголак даўжынёй каля сантыметра. Так увесь серыйны нумар прабівалі на верхняй левай частцы грудной клеткі чалавека адным ударам. Пасля гэтага ў рану ўціралі чарніла.

З часам такі метад прызналі непрактычным. У канцлагерах пачалі выкарыстоўваць татуявальныя машынкі з адной іголкай, якімі серыйны нумар наносілі на левае перадплечча чалавека.

Алекс Дойч, выживший узник концлагеря Аушвиц-Биркенау, демонстрирует регистрационный номер, вытатуированный на левом предплечье. Германия, Саар, 2006 год.
Алекс Дойч, выжылы вязень канцлагера Аўшвіц-Біркенау, дэманструе рэгістрацыйны нумар, вытатуяваны на левым перадплеччы. Германія, Саар, 2006 год

Ці пазначаюць так зняволеных у сучасным свеце?

Маркіроўка з дапамогай бірак ці іншых адметных знакаў, як гэта робяць з быдлам у сельскай гаспадарцы, прыніжае чалавечую годнасць. Як паказвае досвед нацысцкіх канцлагераў, гэта могуць выкарыстоўваць для стыгматызацыі асобных катэгорый зняволеных, калі людзі з пэўным тыпам бірак ставяцца ў горшыя ўмовы, штучна адлучаюцца ад іншых, супрацьпастаўляюцца ім.

Такая практыка супярэчыць сучасным патрабаванням еўрапейскіх пенітэнцыярных правілаў, згодна з якімі адзенне асуджаных не мусіць быць ганебным або зневажальным (пункт 20.2). Гэтыя правілы распаўсюджваюцца на чальцоў Савета Еўропы, а гэта амаль усе еўрапейскія краіны (акрамя Беларусі, а з 2022 года выключаная і Расія). Відаць, менавіта дзякуючы імкненню выконваць правы чалавека пасля вайны маркіроўка зняволеных біркамі і іншымі знакамі на манер той, што была прынятая ў нацысцкай Германіі, не атрымала распаўсюду ў Еўропе.

Турэмная сістэма ЗША дапускае выкарыстанне адзення зняволеных для абазначэння іх статусу, але якіх-кольвек бірак на яе не нашываюць. Розныя турмы могуць мець форму розных колераў у залежнасці ад таго, наколькі «цяжкія» асуджаныя там утрымліваюцца. У змяшаных турмах зняволеным могуць выдаваць адзенне ў адпаведнасці з узроўнем небяспекі, якую яны ўяўляюць (залежыць ад артыкулаў, спробаў уцёкаў і гэтак далей). Так, у Дарэме (Паўночная Караліна) зялёныя робы атрымліваюць злачынцы з нізкім узроўнем небяспекі, сінія — з сярэднім, а чырвоныя — з высокім. А ў іншых мясцовасцях асабліва небяспечныя зняволеныя могуць насіць аранжавую форму. Агульных для ўсіх штатаў нормаў і правілаў не існуе.

Российские заключенные. Фото: Pixanews.com
Расійскія вязні. Фота: Pixanews.com

Розныя біркі на форме зняволеных сёння прасцей за ўсё знайсці ў дыктатурах і краінах з аўтарытарнымі рэжымамі. Мяркуючы з усяго, такія пазнакі шырока распаўсюджаныя ў турмах і канцэнтрацыйных лагерах Паўночнай Карэі. У гэтай краіне час ад часу праводзяць паказальныя працэсы над грамадзянамі ЗША, якія з розных прычын аказваюцца на яе тэрыторыі. І яны звычайна апранутыя ў робы з нумараванымі прастакутнымі біркамі. Нашыўкі такой самай формы з асабістымі звесткамі носяць і зняволеныя расійскіх турмаў і калоній.

Чытайце таксама