Кірыл жыве ў Віцебскай вобласці. Улетку 2022-га яму ўручылі ваенны білет, у якім напісана: «Не прыдатны да вайсковай службы ў мірны час і абмежавана прыдатны ў ваенны». А таксама сказана, што пераагляду ён не падлягае. Аднак днямі яму прыйшла позва ў ваенкамат. У ёй гаворыцца, што Кірыла выклікаюць якраз па пытаннях медыцынскага пераагляду. «Люстэрка» разабралася, што здарылася.
З меркаванняў бяспекі імёны прызыўніка і юрыста змененыя.
Кірыл просіць не называць яго ўзрост. Расказвае, што ў войску не служыў праз праблемы са зрокам. Вызваленне ад службы атрымаў па арт. 34, пункт «в». З лета 2022-га з ваенкамата з ім звязваліся толькі аднойчы: увосень па тэлефоне ўдакладнілі, ці не змяніліся яго звесткі — месца жыхарства, працы, сямейны статус.
У лютым 2023-га ў Беларусі пашырылі спіс хвароб, з якімі маладых людзей могуць прызываць у войска. Цяпер са сваім зрокам Кірыл трапляе з катэгорыі НПМ — не прыдатны да праходжання вайсковай службы ў мірны час — у ДА, прыдатны з абмежаваннямі.
— Але ў маім ваенным білеце напісана, што я не падлягаю пераагляду. Як мне тлумачылі раней, тых, каму ваеннікі выдалі па старых нормах, чапаць не будуць, — кажа малады чалавек. — Але на гэтым тыдні мне на працу прыйшла позва. У ёй гаворыцца, што праз два тыдні мне неабходна з’явіцца ў ваенкамат па пытанні медыцынскага пераагляду.
Акрамя стандартных дакументаў, такіх як пашпарт, пасведчанне кіроўцы, хлопца просяць прынесці выпіску з амбулаторнай карты.
— Звязвацца з ваенкаматам жадання няма, таму я пакуль не тэлефанаваў ім і пра позву нічога не ўдакладняў, — кажа як ёсць малады чалавек. — Не разумею, гэта планавы выклік і мяне так будуць цягаць да старасці? А можа, яны ўсё ж адбяруць білет і пачнуць медкамісію зноў па новым раскладзе хвароб?
Што кажуць у ваенкамаце
У лютым 2023-га, калі спіс хвароб толькі змяніўся, у ваенным камісарыяце Брэста і Брэсцкага раёна тлумачылі: закон зваротнай сілы не мае. Адпаведна, хлопцаў, у якіх у ваенніку напісана, што яны не падлягаюць пераагляду, на новую медкамісію адпраўляць не будуць. А значыць, прызыву яны не падлягаюць. Спецыялісты тады ўдакладнялі, што новаўвядзенне «распаўсюджваецца на тых хлопцаў, якіх будуць правяраць цяпер», то-бок тых, хто трапляе пад прызыў пасля лютага 2023-га.
Каб зразумець, чаму ў такім выпадку Кірылу прыйшла позва, журналіст «Люстэрка» як сваячка ваеннаабавязанага звярнулася ў ваенкамат Віцебскай вобласці. Аднак там паведамілі, што па тэлефоне растлумачыць нічога не будуць, і папрасілі асабіста прыйсці да іх з усімі дакументамі.
Тады мы як звычайныя грамадзяне звярнуліся па кансультацыю ў ваенкамат Брэста і Брэсцкага раёна.
— Пару дзён таму паступіла пастанова з Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь ад 17 траўня 2023-га № 10/85. Там ёсць пералік артыкулаў, якія пару гадоў таму не падлягалі пераагляду, а цяпер, пасля ўнясення змяненняў, ужо падлягаюць, — адказала спецыялістка і спынілася на прыкладзе. — Калі раней арт. 34 пункт «в» не падпадаў пад пераагляд, то цяпер так. У сувязі з гэтым у хлопцаў [артыкулы якіх трапілі ў новы дакумент] адабралі карткі і выклікаюць на перакамісію.
— Нягледзячы на тое, што раней было пастаўлена" без пераагляду"?
— Так, Міністэрства абароны нам даслала дакумент, і ў нас задача пачынаць выклікаць хлопцаў з артыкуламі, якіх закранулі змены.
— Закон не мае зваротнай сілы, вы слушна кажаце, — слова за калегай нашай суразмоўніцы. — Аднак у траўні выйшла змена да закона <…>. [Цяпер частка] асобаў, якія не дасягнулі 27-гадовага, то-бок прызыўнога ўзросту, выклікаюць, каб яны пацвярджалі [свой] артыкул.
Супрацоўніца ваенкамата яшчэ раз падкрэсліла, што новаўвядзенні датычаць не ўсіх артыкулаў, а толькі тых, што пазначаныя ў новым дакуменце. Напрыклад, маладых людзей, якія раней атрымлівалі НПМ і вызваляліся ад медыцынскага агляду па арт. 52 пункт «в», 68 пункт «в», 71 пункт «в», цяпер будуць чакаць у ваенкамаце. Паводле суразмоўніцы, такім людзям давядзецца праходзіць праверку ў медыкаў кожныя тры гады.
А што кажа юрыст?
Аляксандр — юрыст, які працуе з прызыўнікамі, кажа, што сітуацыя з перааглядам «не з’яўляецца зваротнай сілай закона», таму няма ніякіх парушэнняў у тым, што хлопцаў пачалі выклікаць у ваенкамат.
— У адпаведнасці з ч. 6 арт. 104 Канстытуцыі закон не мае зваротнай сілы, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян. Галоўнае, каб ён яе не абцяжарваў, — тлумачыць суразмоўца. — Звычайнаму чалавеку гэта здаецца дзіўным, але з пункту гледжання заканадаўцы (кажу гэта, пракансультаваўшыся з некалькімі калегамі) у сітуацыі з перааглядам становішча чалавека не пагаршаецца. Калі б, дапусцім, хлопца пасля 27 гадоў паклікалі на пераагляд, гэта была б іншая гісторыя. Але ў нас не такі выпадак. Цяпер атрымліваецца так, што дыягназ ваеннаабавязанага стаў, скажам так, больш лёгкім, таму чаму б яго зноў не адправіць на камісію. Зразумела, што ў ваенкамаце ўжо ведаюць: цяпер ён будзе прыдатны. Увогуле, прыгожа абышлі закон.
Спецыяліст тлумачыць: маладыя людзі, якія залічаныя ў запас і не прыдатныя да вайсковай службы ў мірны час і абмежаваныя прыдатныя ў ваенны час, з’яўляюцца ваеннаабавязанымі. Гэты статус не варта блытаць са статусам «прызыўнік» — той, хто, напрыклад, скончыў ВНУ або атрымаў адтэрміноўку. Але што будзе, калі ваеннаабавязаны не з’явіцца на пераагляд?
— Артыкул 18 закона «Пра вайсковы абавязак і вайсковую службу» змяшчае пералік абавязкаў грамадзян па вайсковым уліку. Адзін з іх — з’яўляцца па выкліках (позвах) у ваенныя камісарыяты, — адказвае суразмоўца. — Калі чалавек гэтага не выконвае, яго чакае адміністрацыйная адказнасць па арт. 26.3 КаАП — «Парушэнне грамадзянамі абавязкаў вайсковага ўліку». Максімальная адказнасць, якая па ім прадугледжаная, — тры базавыя (на сёння гэта 111 рублёў. — Заўв. рэд.). Такія справы звычайна перадаюць у суд, куды чалавека зноў жа павінныя выклікаць позвай. Калі ён яе падпісаў і не прыйшоў на паседжанне, то яго туды можа даставіць міліцыя. У гэтым выпадку маладога чалавека чакае яшчэ і штраф у шэсць базавых (222 рублі. — Заўв. рэд.) за непавагу да суда.
Акрамя таго, адзначае Аляксандр, пасля паседжання маладому чалавеку могуць уручыць новую позву ў ваенкамат. Юрыст звяртае ўвагу, што чалавек нясе адказнасць толькі за падпісаныя позвы. Званок, паведамленні ў паштовую скрыню — «гэта нічога страшнага».
— Пры гэтым арт. 435 КК (Ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыве на вайсковую службу) на гэтага чалавека не распаўсюджваецца, бо яго клічуць на пераагляд, а не на прызыў. Для прызыву ён усё яшчэ знаходзіцца ў статусе «не прыдатны», — кажа спецыяліст. — Толькі калі ён прынясе заключэнне абследаванняў і, скажам так, пройдзе пераагляд не на сваю карысць і стане прыдатным, ён пяройдзе ў статус прызыўніка.
Юрыст папярэджвае: людзям, якія не будуць з’яўляцца на пераагляд, «позвы могуць выдаваць хоць праз дзень». Пры гэтым па хадайніцтве ваеннага камісара такому чалавеку могуць абмежаваць выезд за мяжу, каб прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.
Чытайце таксама