Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Власти хотят ввести новшества по пассажирским перевозкам
  2. Хитрая тактика или отсутствие техники? Эксперты рассказали, почему российские войска едут в штурмы на мотоциклах
  3. Всех, кто в воскресенье ехал из Беларуси в Россию и обратно, проверяли военные. Рассказываем
  4. Уроженца Беларуси расстреляли за отказ участвовать в «мясном штурме» на Донбассе — проект «Хочу жить»
  5. В Украине опубликовали списки беларусов, воюющих на стороне России. Там больше 700 человек
  6. Что будет с теми, кто в 2020-м выходил на протесты, когда закончится срок давности по «народной» 342-й статье? Спросили аналитика
  7. Путин объявил еще одно перемирие на украинском фронте
  8. «Боюсь, ночью могут начаться мародерства». Беларусы Испании и Португалии рассказали «Зеркалу», как переживают глобальный блэкаут
  9. В прошлый раз иностранцы массово переселились в Беларусь в 17 веке, а последствия чувствуются до сих пор. Рассказываем
  10. Мобильные операторы вводят изменения для клиентов. Есть смысл изучить их, если для вас важно сохранить свой номер телефона
  11. «Прошло 86 часов». Коллапс на беларусско-польской границе — автомобили и автобусы стоят в очереди сутками
  12. На трассе в Варшаве автобус с беларусами и украинцами перевернулся на бок и влетел в столб, есть пострадавшие
Читать по-русски


У канцы лістапада на волю выйшла прадпрымальніца з Полацка Таццяна Шостак, якую затрымалі, калі яна збіралася з калегамі несці зварот у райвыканкам. Жанчына адседзела 30 сутак, выйшла на волю і ўжо вярнулася на працу, паведамілі «Люстэрку» блізкія знаёмыя сям'і. Яны расказалі журналістам, як Таццяна адбывала свой адміністрацыйны арышт.

Татьяна Шостак. Фото с сайта "Витебская весна"
Таццяна Шостак. Фота з сайта «Віцебская вясна»

З самой Таццянай пагаварыць не ўдалося, пра ўмовы, у якіх яна правяла 30 сутак, расказвае знаёмы яе сям'і — Арцём. Мы змянілі яго імя з меркаванняў бяспекі, аднак усе звесткі мужчыны ёсць у рэдакцыі.

«Ці падпісваеце пратакол, ці напішам, што аказвалі супраціў, сарвалі пагон і плюнулі у твар супрацоўніку»

Таццяну Шостак затрымалі ў канцы кастрычніка, калі яна збіралася з калегамі-прадпрымальнікамі несці ў райвыканкам калектыўны зварот з просьбай, каб улады расказалі, як бізнесу працаваць у новых умовах або закрыць сваю справу. Жанчыне тады далі 30 сутак за аватарку ў сацсетках, а сам дакумент з подпісамі канфіскавалі. Арцём расказвае, што яе асудзілі па двух адміністрацыйных артыкулах — за аватарку і «нейкую праграму», якую нібыта знайшлі ў яе тэлефоне:

— Таня казала, што ніякай такой праграмы ў яе там не было, але ёй сказалі: «Ці падпісваеце тое, што мы ў пратаколе ўказалі, ці напішам, што вы аказвалі супраціў, сарвалі пагон, плюнулі супрацоўніку ў твар, і вам будзе пагражаць да двух гадоў». Вы самі разумееце, выбар паміж 30 суткамі і двума гадамі відавочны, таму пад ціскам яна ўсё падпісала.

Супрацоўнікі КДБ з ёй праводзілі гутарку. Прынеслі справу, Таня казала, сантыметраў на восем таўшчынёй. Яна ж заўсёды была актыўная — можа, усе гады збіралі на яе, дзе і ў чым удзельнічала. Але падрабязнасці, пра што менавіта яны яе распытвалі, я не ўдакладняў.

Адразу пасля затрымання жанчына знаходзілася ў полацкім ІЧУ. Калі адбыўся суд, яе перавялі ў віцебскае СІЗА, куды з райцэнтра адпраўляюць адбываць пакаранне «парушальнікаў» па адміністрацыйных артыкулах.

— Расказвала, што ў яе часта мяняліся суседкі па камеры. І людзей кідаюць з камеры ў камеру. Сядзелі з ёй арыштаваныя па розных артыкулах. Неяк на калідоры яна бачыла Вольгу Брыцікаву, — пераказвае мужчына.

«Паднялі дупы, прыбралі матрацы, селі на жалеза і сядзіце»

Таццяна расказвала, што палітычных у СІЗА па-ранейшаму будзяць некалькі разоў ноччу, а днём не дазваляюць карыстацца матрацамі і коўдрамі.

— Ветліва з імі, вядома, ніхто не размаўляў — усё па-блатному: «Паднялі дупы, прыбралі матрацы, селі на жалеза і сядзіце!» Таня казала, неяк у яе схапіла спіну, яны адразу здзекліва: «Ой, Шостак, а што гэта з вамі — захварэлі? — Не дачакаецеся. — А, ну-ну. Будзем задзірацца?!» У такім духу ідзе размова.

Наколькі ў камерах цёпла ці холадна, я не ведаю, але Таня сама па сабе цеплалюбівая, нават дома, калі мы прыходзілі да іх у госці, заўсёды была цёпла апранутая. Таму там яна ўвесь час спала ў цёплым спартыўным касцюме і пухавіку, які ёй змог перадаць муж. Хоць капюшон ноччу ёй надзяваць не давалі — спі са святлом.

Таксама, са словаў знаёмага, Таццяне не аддавалі перадачы ад родных, нават медыкаменты, якія прынёс муж. А пасля выхаду з СІЗА ёй вярнулі не ўсе асабістыя рэчы, якія былі ў гэтых перадачах:

— Ведаю, што ёй адпраўлялі дзве пасылкі, і адна з іх наогул не дайшла — дзесьці знікла. А перадачы прыносяць як: у спісе, напрыклад, 14 пазіцый, а выдаюць толькі чатыры. І кажуць: «Падпісвай ці наогул нічога не атрымаеш». Таня расказвала, што ёй аддалі прадметы асабістай гігіены — мыла і шампунь, зубная шчотка і паста ў яе былі. Медыкаменты, сказалі, на патрабаванне будуць выдаваць. Але як ты іх папросіш, калі табе кажуць, што нічога няма?

«Чаму я павінная з’язджаць? Я тут жыву»

Прадпрымальніца выйшла на волю 25 лістапада. Наш суразмоўца расказвае, што жанчына стойка перанесла адміністрацыйны арышт. Цяпер яна ўжо вярнулася на працу і займаецца хатнімі справамі.

— Таня — кандыдат у майстры спорту па лыжах, фізічна моцны чалавек. Вядома, псіхалагічна затрыманне і гэта ўсё даецца ў знакі, але Таня — баец, зламаць яе цяжка, — тлумачыць Арцём і дадае, што цяпер жанчыну пазнаюць у ГЦ, дзе яна працуе. — Разумееце, у нас жа горад невялікі, іх сям’я ўсё жыццё з дробным бізнесам звязаная, таму Таню яшчэ да затрымання і артыкулаў пра яе многія ведалі. Ну, а цяпер часта людзі спыняюцца, хтосьці абдыме, падтрымае. Я пытаўся, ці збіраецца яна з’язджаць, адказ быў просты: «Чаму я павінная з’язджаць?! Я тут жыву». У Танінай мамы яшчэ мама ў бальніцы — клопатаў у іх цяпер шмат.

Таня казала, што яе здзівіла, які цяпер вал прэсінгу — можа, і ў 2020-м такога не было, як цяпер! Людзей прывозілі пастаянна. Тыя расказвалі, што сілавікі маглі зайсці ў арганізацыю, сабраць ва ўсіх тэлефоны і праверыць. Калі ў кагосьці нешта знайшлі — адразу забіраюць, праз дзве гадзіны суд і на суткі. Некаторыя як былі ў спадніцы і блузачцы ў офісе за камп’ютарам, так і прыязджалі ў ІЧУ або СІЗА, — пераказвае Арцём словы Таццяны. — І вы ведаеце, у маіх сяброў, у якіх ёсць свая грамадзянская пазіцыя, і ў мяне ў тым ліку на ўсялякі выпадак дома стаіць сабраны пакет з цёплымі рэчамі. Каб, калі раптам прыйдуць, пакет у рукі — і паехаў. Вось так мы цяпер жывём.