Беларусь і Кітай падпішуць «гістарычнае» пагадненне пра інвестыцыі і зону свабоднага гандлю паслугамі, а цяпер прапрацоўваюцца 15 новых сумесных інвестпраектаў на суму да трох мільярдаў даляраў. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 жніўня на сустрэчы з прэм’ерам Дзяржаўнага савета Кітая Лі Цянам, перадае яго прэс-служба.
У Мінск з афіцыйным візітам прыехаў прэм’ер Дзяржаўнага савета КНР Лі Цян, які 22 жніўня сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.
Беларускі палітык паведаміў, што падчас візіту кітайскага прэм’ер-міністра ў Мінск будуць падпісаныя дакументы, якія замацоўваюць планы перспектыўнага партнёрства па ключавых напрамках.
«Адзін з іх дакладна можна назваць гістарычным — гэта пагадненне пра стварэнне зоны свабоднага гандлю паслугамі і ажыццяўленне інвестыцый. Беларусь — першая краіна ў Еўразійскім эканамічным саюзе, з якой Кітай заключае такую дамову», — заявіў Лукашэнка.
Дзякуючы гэтаму ў найбліжэйшыя пяць гадоў экспарт беларускіх паслуг у Кітай вырасце як мінімум на 12−15%, а інвестыцыі ў Беларусь — не менш чым на 30%, лічыць палітык.
Ён прапанаваў Лі Цяну да 2030 года рэалізаваць «вялікі прыход кітайскіх тэхналогій у Беларусь».
«Вы стварылі ўласную сістэму глабальнай навігацыі. Вы пабудавалі самы вялікі ў свеце тэлескоп. Вы сканструявалі кітайскую арбітальную станцыю і шырокафюзеляжны самалёт. Кітай лідзіруе ў вытворчасці акумулятараў, сонечных батарэй, высакахуткасных цягнікоў, электрамабіляў і іншым», — пералічыў Лукашэнка.
На яго думку, развіццё Беларусі магчымае «ў спалучэнні з канцэпцыяй новых прадукцыйных сіл Кітая на аснове тэхналогій, інавацый і якаснага чалавечага патэнцыялу».
Лукашэнка паведаміў, што цяпер Беларусь прапрацоўвае з Кітаем 15 новых інвестпраектаў стратэгічнага ўзроўню на суму да трох мільярдаў даляраў. Самыя важныя сярод іх — трэці этап праекта па глыбокай перапрацоўцы збожжа Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі, будаўніцтва заводаў па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы і ДСП, арганізацыя сучаснага аўтаматызаванага ліцця, вытворчасці рухавікоў і хімікатаў.
Ён таксама падзяліўся аптымізмам наконт беларуска-кітайскага прадпрыемства «БелДжы», дзе нядаўна выпусцілі другі аўтамабіль пад уласным брэндам Belgee, і запрасіў кітайскага прэм’ера пабываць на заводзе.
«Дзякуючы вашай падтрымцы ўвасобленая мара нашай краіны — уласны легкавы аўтамабіль Belgee, які мы вырабляем на базе Geely. Упэўнены, у гэтага праекта ёсць патэнцыял для далейшага развіцця і паглыблення лакалізацыі. Вам трэба абавязкова наведаць гэтую вытворчасць і асабіста ацаніць яе маштаб і перспектывы», — заявіў Лукашэнка.
Чытайце таксама