З 1 ліпеня чыноўнікі зрэжуць сацпакет, які дзяржава раней гарантавала насельніцтву. Да прыкладу, людзям можа стаць складаней трапіць у дамы-інтэрнаты. Улады таксама ўвялі абмежаванні для шматдзетных сем’яў. Цяпер яны зноў кажуць пра ўзмацненне жорсткасці пры дзяржпадтрымцы — ад Аляксандра Лукашэнкі да міністра працы Наталлі Паўлючэнка. Асабліва яны акцэнтуюць увагу на шматдзетных сем’ях. Эканаміст Леў Львоўскі лічыць, што беларусам трэба быць гатовымі да далейшага зразання сацпадтрымкі. «Ільготы будуць адбіраць, але так, што яны будуць закранаць па адной групе за раз», — прагназуе эксперт.
Сацпадтрымку шматдзетных паступова зразаюць
З траўня згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі перасталі плаціць сямейны капітал шматдзетным, дзе бацька прызнаны «дармаедам» (у тым ліку калі ён працуе ў «недружалюбнай» краіне) і калі сацслужбы лічаць, што сям’я знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Пры гэтым такія выплаты выступаюць сур’ёзнай падтрымкай сем’яў з дзецьмі, у прыватнасці, за кошт яго нярэдка вырашаецца жыллёвае пытанне.
Аднак гэта можа быць толькі пачаткам — пра гэта можна меркаваць з рыторыкі чыноўнікаў. На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка заявіў, што трэба «ўдасканаліць» сістэму падтрымкі шматдзетных сем’яў — ён даручыў новаму міністру працы не «раскідвацца льготамі і рознымі прывілеямі» і падкрэсліў, што «ў нас шмат сем’яў шматдзетных, каго наогул да рубля падпускаць нельга».
— І гэтыя грошы да дзяцей не даходзяць: іх прапіваюць ці яшчэ неяк. Таму трэба выпрацаваць сістэму, каб, падтрымліваючы шматдзетных (а мы будзем іх падтрымліваць, гэта пытанне нумар адзін для нас, і па жыллі, і гэтак далей), усталяваць бар’ер і крытэрыі, як данесці грошы да дзяцей, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Яго пазіцыю, мяркуючы з усяго, падтрымлівае новы міністр працы і сацабароны Наталля Паўлючэнка — днямі яна паўтарыла гэтыя тэзісы ў інтэрв'ю на дзяржТБ.
Лукашэнка адмовіўся ад сваіх жа абяцанняў?
Аляксандр Лукашэнка многія гады запэўніваў, што дзяржава будзе падтрымліваць шматдзетныя сем'і. Аднак, відаць, адмовіцца ад сваіх жа абяцанняў яго змушае сітуацыя ў эканоміцы краіны. У выніку цяпер палітык, а ўслед за ім і чыноўнікі, кажуць пра новыя бар’еры для шматдзетных. Нагадаем, у 2015 годзе Аляксандр Лукашэнка запэўніваў, што «як бы цяжка гэта нам ні давалася, Беларусь ні на ёту не адступіць ад выканання сваіх сацыяльных абавязанняў».
Можна таксама ўспомніць, як палітык у такіх абяцаннях акцэнтаваў, што ўсе трэція дзеці ў беларускіх сем’ях — «ягоныя». Напрыклад, яшчэ ў сваім пасланні народу ў 2011 годзе ён адзначаў, што дзяржава будзе «ўсяляк падтрымліваць» сем'і і заявіў: «Адно дзіця — гэта вашае дзіця. Два — паглядзім на сям’ю, можа, кагосьці і трэба падтрымаць, але гэта таксама вашыя дзеці. Вось трэцяе — гэта маё дзіця. Трэцяе дзіця — гэта маё і зусім трохі вашае. Чацвёртае — сто працэнтаў, і пятае, і наступныя — гэта мае».
І нават у 2024 годзе палітык прытрымліваўся гэтай парадыгмы: «Ведаю, усіх маці і тых, хто рыхтуецца імі стаць, хвалюе пытанне, ці будзе дзяржава і далей падтрымліваць мацярынства і дзяцінства. Вы правільна адчуваеце сутнасць гэтага пытання — гэта вельмі нятанная рэч. Мы самая-самая сацыяльная дзяржава. У нас, напэўна, не дзясяткі, а сотні льгот для насельніцтва і перш за ўсё для жанчын. Сямейны капітал — гэта мільёны даляраў. Таму вы тонка адчуваеце: а ці вытрымае дзяржава, ці зможа яна? Смею запэўніць, пры любых умовах і абставінах нашая дзяржава будзе несці гэтую нагрузку. У поўным аб’ёме і, калі трэба, за межамі гэтых аб’ёмаў».
«Аперацыя „скрабём па сусеках“»
Акадэмічны дырэктар BEROC, эканаміст Леў Львоўскі бачыць у гэтым тэндэнцыю да скарачэння выдаткаў бюджэту ўсімі даступнымі спосабамі, а таксама нарошчвання яго даходаў.
— Гэта аперацыя «скрабём па сусеках»: з 2020 года ў нас павялічылася мноства дробных падаткаў. Але пакуль імкнуцца не павышаць стаўкі ключавых збораў. Думаю, што і да гэтага прыйдуць (у Расіі ўжо прыйшлі — і ніхто там на мітынгі не выходзіў). Пры гэтым мы бачым скарачэнне розных выплат, — кажа эканаміст. — То-бок фармальна ў нас няма бюджэтнага крызісу, але да яго актыўна рыхтуюцца, таму імкнуцца павялічыць невялікія падаткі і скараціць нават не вельмі вялікія па дзяржаўных мерках выплаты. Насамрэч [у гэтай гісторыі з адмовай выплачваць] сямейны капітал гаворка не ідзе пра мільярды рублёў. Але нават тут імкнуцца трохі зрэзаць выплаты. Мільён тут, мільён там — і, глядзіш, нешта збярэцца.
Летась, паводле ацэнкі эксперта, пазбегнуць дэфіцыту бюджэту дапамагла ў тым ліку адсутнасць выплат у замежнай валюце па знешнім дзярждоўгу. Аднак, мяркуючы з дзеянняў урада, сёлета ў казне ўсё ж чакаецца мінус.
Аналітык адзначае: у цэлым гэта нармальна, што ў залежнасці ад сітуацыі з бюджэтам у дзяржаве з’яўляюцца ці адмяняюцца нейкія льготы.
— Проста ў нашым выпадку гэта выглядае трохі камічна. Часцей за ўсё палітыкі ў такіх выпадках абвінавачваюць сваіх папярэднікаў: напрыклад, мінулы ўвёў сямейны капітал, а новы прыйшоў і заявіў, што некаторых бацькоў «да рубля падпускаць нельга». Але ў нас камічнасць дасягаецца за кошт таго, што папярэдні палітык, які ўводзіў гэты капітал, вырашыўшы падпускаць шматдзетных да рубля, — гэта той самы чалавек, які цяпер кажа, што рабіць гэтага нельга, — каментуе Леў Львоўскі.
На думку эксперта, тактыка для ўзмацнення эканоміі бюджэту абраная такая, каб не выклікаць незадаволенасць у шырокіх мас. Чыноўнікі кропкава ўводзяць новыя падаткі і ўзносы для абмежаваных груп ці на невялікую долю. Тое самае з расходнай часткай казны: выплаты зразаюцца не адразу вялікаму пласту насельніцтва, а патрохі. У выніку гэта не выклікае вялікага грамадскага рэзанансу.
— Такія змены працягнуцца і будуць праводзіцца ў такім самым ключы — ільготы будуць адбіраць, але так, што яны будуць закранаць па адной групе за раз, — сказаў на заканчэнне Леў Львоўскі.
Чытайце таксама


