Ноту МЗС Польшчы з патрабаваннем выдаць падазраванага ў забойстве польскага салдата на мяжы разгледзяць у Мінску, заявіў афіцыйны прадстаўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Анатоль Глаз. Яго відэакаментар апублікавала дзяржагенцтва БЕЛТА.
У МЗС Беларусі пацвердзілі атрыманне ноты ад Варшавы. Яна будзе разгледжаная «з улікам усіх абставінаў».
— Шчыра спачуваю родным і блізкім загінулага і, вядома, патрэбнае аднаўленне нармальных памежных кантактаў, каб такія трагедыі не адбываліся, — сказаў Анатоль Глаз.
Спікер беларускага знешнепалітычнага ведамства адзначыў, што Беларусь гатовая да аднаўлення ўзаемадзеяння ў праваахоўнай сферы, але падкрэсліў, што «гэта вуліца з двухбаковым рухам».
— Таму аднаўляць такое ўзаемадзеянне можна толькі ў поўным аб’ёме. Без гэтага такія публічныя ноты — гэта не спосаб сістэмна вырашыць праблему, а залішняя палітызацыя цалкам канкрэтнага пытання, спроба апраўдацца перад уласнай грамадскай думкай і перакласці адказнасць. Тым больш што за апошні час гэта, на жаль, далёка не адзінкавы выпадак гібелі польскіх вайскоўцаў на мяжы. Аднак пра тыя выпадкі кіраўніцтва Польшчы чамусьці так публічна не згадвае, — заявіў Глаз.
Нагадаем, удзень 6 чэрвеня ў Вайсковым медыцынскім інстытуце ў Варшаве памёр польскі вайсковец. Яго ўдарыў нажом у грудзі мігрант падчас чарговай спробы прарыву беларуска-польскай мяжы 28 траўня.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда склікаў Раду нацыянальнай бяспекі (РНБ) у сувязі з сітуацыяй на мяжы з Беларуссю, паседжанне пройдзе 10 чэрвеня.
З гэтай нагоды ў МЗС Польшчы быў выкліканы часовы павераны ў справах Беларусі Аляксей Панкраценка. Яму ўручылі ноту пратэсту, у якой выказваецца «рашучае патрабаванне» спыніць правакацыі на польска-беларускай мяжы.
«Улічваючы тое, што злачынства адбылося на польскім баку мяжы, а таксама ў сувязі з расследаваннем, якое праводзіць пракуратура, МЗС таксама патрабуе ідэнтыфікаваць і выдаць падазраванага ў забойстве польскага грамадзяніна», — гаворыцца ў заяве.