У базе зваротаў у КДБ, якую «Кіберпартызаны» выклалі ў сеціва 28 красавіка, мы знайшлі данос на трох грамадзян Беларусі, якія, паводле аўтара, вялі перамовы з мэтай зрынуць Аляксандра Лукашэнку. Прычынай планаванага зрынання аўтар паведамлення ў Камітэт дзяржбяспекі назваў «недастатковае еўразійства» беларускага палітыка, а аднымі з удзельнікаў перамоваў даносчык назваў праўладных прапагандыстаў Аляксея Дзерманта і Пятра Пятроўскага.
Данос паступіў на адрас КДБ 16 жніўня 2020 года — у дзень Маршу за свободу, найбуйнейшай у гісторыі суверэннай Беларусі масавай акцыі пратэсту. Поўны тэкст паведамлення выглядае так (напісанне імёнаў і прозвішчаў з арыгіналу захаваныя):
Здравствуйте, уважаемые господа!
Мне как журналисту стали известны факты о переговорах граждан Беларуси Дзермонта Аляксея, Чурилова Егора, Пятровского Пятра с украинским террористом № 2 Игорем Гаркавенко, которому запрещен въезд в Беларусь, а также боевиками Национального корпуса и т.н. ДНР с целью свержения Александра Лукашенко как «недостаточно евразийского» с поста Президента Беларуси.
Пасля 16 жніўня аўтар даносу двойчы прадубляваў яго адпраўку ў КДБ 11 кастрычніка. Паведамленне адправілі, пазначыўшы ўкраінскі адрас электроннай пошты.
Згаданы ў лісце Аляксей Дзермант — праўладны палітолаг, прыхільнік ідэй еўразійства (калі зусім спрошчана, яны прадугледжваюць існаванне нейкай асаблівай цывілізацыі на поўначы Еўразіі, у цэнтры якой знаходзіцца расійская культура і традыцыі). Пётр Пятроўскі — аднадумец Дзерманта і на той момант эксперт створанага прапагандыстам Цэнтра развіцця кантынентальнай інтэграцыі «Паўночная Еўразія». Ягор Чурылаў — адзін з каардынатараў мінскага геакультурнага праекта «Цытадэль» і таксама прыхільнік ідэй еўразійства.
Рускамоўны ўкраінец Ігар Гаркавенка нарадзіўся ў Харкаве. Першапачаткова ён быў прыхільнікам ідэй рускага нацыяналізму і еўразійства, адседзеў тэрмін за падпалы офісаў Ізраільскага інфармацыйнага цэнтра ва Украіне і ўкраінскай грамадскай культурна-асветніцкай арганізацыі «Просвіта». Пазней Гаркавенка перайшоў на бок украінскіх патрыятычных сіл, удзельнічаў у «Рэвалюцыі годнасці» і ў баявых дзеяннях супраць расіян і сепаратыстаў на Данбасе — але пры гэтым цалкам ад ідэй еўразійства не адмовіўся. Быў добраахвотнікам у батальёне «Азоў». У сакавіку 2022 года Ігар Гаркавенка скончыў жыццё самагубствам.
Чытайце таксама