Урад збіраецца стымуляваць беларусаў, якія з’ехалі за мяжу, вяртацца на радзіму. Тым часам у краіне працягваюцца рэпрэсіі, закручванне гаек і арышты тых, хто прыязджае дадому з-за мяжы. У гэтай сітуацыі ўзнікаюць пытанні: якіх беларусаў хочуць (і могуць) вярнуць чыноўнікі і якія рэальныя крокі яны маглі б зрабіць для гэтага? Пра гэта «Люстэрка» спытала акадэмічнага дырэктара BEROC, эканаміста Льва Львоўскага.
На фоне ўсё горшай дэмаграфічнай сітуацыі стала складаней абыходзіць бокам праблему міграцыі. Таму нядзіўна, што ўрад падняў пытанне масавага пераезду нашых суграмадзян за мяжу, а таксама зніжэння колькасці замежнікаў, якія выбіраюць для жыцця Беларусь. Тым не менш сама «Канцэпцыя міграцыйнай палітыкі», зацверджаная 23 студзеня, — гэта «пусты дакумент», лічыць эканаміст Леў Львоўскі. На ягоную думку, прыняты ён таму, што ў адказ на абвастрэнне праблемы ўрад фармальна абавязаны мець план яе вырашэння.
— План гэты з рэальнасцю не супадае — ні з тым, што рэальна адбываецца ў краіне, ні з тым, чаго хоча Аляксандр Лукашэнка. Фармальна гэты план зрабілі. Але гэта не значыць, што хтосьці будзе яго ажыццяўляць, рабіць нейкія дзеянні. Гэта проста паперка, [патрэбная для таго, каб] яна проста была, — тлумачыць сваё меркаванне эксперт.
Леў Львоўскі кажа, што праблема з міграцыяй сапраўды ёсць. І тое, што напісана ў канцэпцыі, увогуле правільнае, на яго думку. Аднак у цяперашніх умовах прапісаныя ў ёй крокі практычна нерэалізавальныя. Больш за тое, наўрад ці ва ўрадзе сапраўды хочуць рабіць хоць нешта з апісанага ў канцэпцыі.
Што можа зрабіць Мінск для вяртання беларусаў на радзіму?
На думку эксперта, калі б ва ўрадзе сапраўды хацелі зрабіць нешта для вяртання тых, хто з’ехаў, пачынаць варта было б са спынення бясконцай плыні арыштаў. То-бок дастаткова проста перастаць саджаць людзей з любой нагоды, і частка беларусаў пачне задумвацца пра вяртанне на радзіму.
— Але адзін орган урада піша такую паперу, а другі працягвае саджаць, бо трэба ўсіх трымаць у страху, — кажа эканаміст, адзначаючы, што сёння ў Беларусі за краты можа трапіць кожны. — Ты вяртаешся з Польшчы, а які-небудзь маёр КДБ хоча атрымаць павышэнне па званні і прыдумляе, што ты — удзельнік нейкай змовы.
То-бок першы крок да таго, каб беларусы пачалі вяртацца на радзіму, — стабілізацыя сітуацыі ў краіне. У першую чаргу гэта датычыць сілавых органаў, судоў. А ўжо пасля іх было б важна прымаць эканамічныя меры, якія б дазвалялі людзям бачыць свае перспектывы ў Беларусі.
— Але ніхто не збіраецца сур’ёзна гэтым займацца, — лічыць Леў Львоўскі. — Гэты дакумент напісалі людзі з умоўных Міністэрства эканомікі і Мінпрацы, а людзям з МУС справы няма да гэтай паперкі — яны прыйдуць і скажуць, што бяспека рэжыму значна важнейшая, чым вяртанне сваіх [суграмадзян] або прыцягненне новых мігрантаў.
Чытайце таксама


