Супрацоўнікам Камітэта дзяржбяспекі пашырылі паўнамоцтвы — яны цяпер могуць складаць пратаколы і весці справы пра парушэнне шэрагу артыкулаў КаАП, у тым ліку пра «распаўсюд экстрэмізму» і незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Адпаведная пастанова за подпісам кіраўніка ведамства Івана Церцеля была апублікаваная 22 снежня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Дакумент надзяляе супрацоўнікаў КДБ паўнамоцтвамі складаць пратаколы пра адміністрацыйныя правапарушэнні і рыхтаваць да разгляду справы пра парушэнне КаАП. Пастанова набывае моц пасля афіцыйнага апублікавання.
Гаворка ідзе больш чым пра два дзясяткі артыкулаў кодэкса. Сярод іх ёсць і тыя, якія ў Беларусі шырока выкарыстоўваюцца для палітычных рэпрэсій:
- арт. 13.3 (Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць);
- арт. 19.10 (Прапаганда ці публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюд нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі);
- арт. 19.11 (Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць);
- арт. 19.12 (Незаконны выраб і (або) распаўсюд методык ці іншых матэрыялаў пра спосабы вырабу выбуховых прылад і выбуховых рэчываў);
- арт. 19.13 (Фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці);
- арт. 23.9 (Парушэнне патрабаванняў па выкарыстанні нацыянальнага сегменту сеткі Інтэрнэт);
- арт. 24.10 (Незаконнае пранікненне на ахоўныя аб’екты);
- арт. 24.11 (Непрадстаўленне ўпаўнаважанай асобай або ІП дакументаў, справаздач і іншых матэрыялаў);
- арт. 25.5 (Адмова ці ўхіленне сведкі або пацярпелага ад давання тлумачэнняў альбо эксперта ці перакладчыка ад выканання ўскладзеных на іх абавязкаў);
- арт. 26.3 (Парушэнне абавязкаў па вайсковым уліку) і іншыя.
Нагадаем, улады збіраюцца пашырыць паўнамоцтвы КДБ і ў аспекце барацьбы з тэрарызмам — ужо прыняты праект паправак у адпаведныя законы. Так, супрацоўнікі ведамства атрымаюць права выкарыстоўваць зброю і ў натоўпе, нягледзячы на рызыку для невінаватых людзей, страляць у бок выбухованебяспечных сховішчаў і адкрываць агонь па жанчынах, дзецях, людзях з інваліднасцю ў выпадку «аказання імі ўзброенага супраціву».
Чытайце таксама