Навучальны год ужо ў поўным разгары. За парты селі не толькі школьнікі, але і студэнты. У другіх, калі яны вучацца на бюджэце, ёсць магчымасць акрамя ведаў атрымліваць яшчэ і стыпендыю. Выданне «АІФ» падлічыла, на якія сумы могуць разлічваць першакурснікі беларускіх ВНУ.
З 2020 года, піша выданне, стыпендыі навучэнцаў залежаць ад бюджэту пражытачнага мінімуму для працаздольнага насельніцтва. З 1 жніўня 2023-га ён складае 403,9 рубля.
Да першай сесіі «зарплата» першакурснікаў мінімальная. Яе разлічваюць так: бюджэт пражытачнага мінімуму для працаздольнага насельніцтва (далей — БПМ) памнажаюць на каэфіцыент 0,3. Атрымліваецца 121,18 рубля. Для параўнання, у мінулым верасні стыпендыя была на 11 рублёў меншай.
Далей — складаней. Стыпендыя таксама залежыць ад універсітэта, дзе вучыцца першакурснік. Да прыкладу, у БДУ і Акадэміі кіравання выплаты павялічваюцца ў 1,3 разу. Выходзіць 157,53 рубля. У БНТУ, БДЭУ, БДПУ імя М. Танка, БДАМ, БДУКМ, БДСГА — у 1,15 разу. Атрымліваецца 139,36 рубля.
Акрамя таго, у 1,5 разу стыпендыі вышэйшыя, напрыклад, у студэнтаў-інвалідаў I і II групы. Выплаты складуць 181,77 рубля.
Асаблівыя ўмовы — для студэнтаў, якія займаюцца на спецыяльнасцях «хімія высокіх энергій», «ядзерныя фізіка і тэхналогіі», «ядзерная і радыяцыйная бяспека», «праектаванне і эксплуатацыя атамных электрычных станцый» і «інфармацыйныя і кіравальныя сістэмы фізічных установак». Іх мінімальная стыпендыя — 0,34 БПМ, або 137,34 рубля.
З другога семестра памер студэнцкай «зарплаты» залежыць галоўным чынам ад паспяховасці чалавека і заахвочвальных каэфіцыентаў. Іх акрэслівае навучальная ўстанова. Звычайна каэфіцыенты для хлопцаў і дзяўчат, якія вучацца на гуманітарных спецыяльнасцях, трохі ніжэйшыя, чым у тых, хто вывучае натуральныя навукі. Падрабязней іх можна даведацца тут.
Ну, а тыя першакурснікі, хто заваліць экзамен або залік, у другім семестры могуць наогул застацца без стыпендыі мінімум да наступнай сесіі.
Чытайце таксама на aif.by:
Сгореть на работе. Невролог объяснила, почему трудоголикам грозит инсульт