Два беларускія верталёты парушылі паветраныя межы Польшчы, у МЗС выкліканы павераны ў справах Беларусі. Пра гэта паведамляе Міністэрства абароны Польшчы.
«1 жніўня 2023 года адбылося парушэнне паветранай прасторы Польшчы двума беларускімі верталётамі, якія праводзілі вучэнні паблізу мяжы. Беларускі бок раней праінфармаваў польскі бок пра вучэнні», — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што перасячэнне мяжы адбылося ў раёне Белавежы на вельмі малой вышыні, што абцяжарыла яго выяўленне радыёлакацыйнымі сістэмамі. Таму раней польскія вайскоўцы адмаўлялі парушэнне паветранай прасторы.
Міністр нацыянальнай абароны Польшчы, старшыня Камітэта па справах нацыянальнай бяспекі і абароны Марыюш Блашчак загадаў павялічыць колькасць салдат на мяжы і вылучыць дадатковыя сілы і сродкі, у тым ліку баявыя верталёты.
NATO праінфармавалі пра інцыдэнт.
Таксама паведамляецца, што часовы павераны ў справах Беларусі будзе выкліканы ў МЗС Польшчы для тлумачэння таго, што адбылося.
Нагадаем, 1 жніўня ў небе над польскай вёскай Белавежа ў Падляшскім ваяводстве паблізу польска-беларускай мяжы заўважылі беларускія вайсковыя верталёты. Мясцовыя жыхары ўпэўненыя, што верталёты праляцелі проста над вёскай, OSINT-расследавальнікі кажуць пра залёт углыб польскай тэрыторыі на тры кіламетры. Але ў аператыўным камандаванні Узброеных сіл Польшчы запэўнівалі, што парушэння паветранай прасторы зафіксавана не было.