Аляксандр Лукашэнка памілаваў расіянку Соф’ю Сапегу, якую ў Беларусі асудзілі на шэсць гадоў пазбаўлення волі. Яна ўжо выйшла на волю, паведаміў губернатар Прыморскага краю Алег Кажамяка.
«Я звярнуўся да Аляксандра Рыгоравіча [Лукашэнкі] на просьбу твайго бацькі. І прэзідэнт Рэспублікі Беларусь учора падпісаў указ аб тваім памілаванні. Таму цяпер усё — ты свабодны чалавек», — сказаў Кажамяка Сапезе, калі тая выйшла з Гомельскай жаночай калоніі.
«Вядома ж, хочацца падзякаваць прэзідэнту Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку за тую магчымасць, якую ён мне даў, за той падарунак не толькі для мяне, але і для ўсёй маёй сям'і. За магчымасць вярнуцца дадому, вярнуцца да сваёй мамы, да свайго бацькі, за магчымасць сёння стаяць тут, а не там. За тое, што мне быў дадзены другі шанец», — пракаментавала сваё вызваленне Соф’я Сапега.
Паводле словаў губернатара, сёння Сапега вылеціць у Маскву, а заўтра дадому — ва Уладзівасток.
Антон Гашынскі, адвакат Соф'і Сапегі, пацвердзіў «Люстэрку» яе вызваленне.
— Сапраўды, яна вызваленая і ўжо паляцела ў Расійскую Федэрацыю, — сказаў Гашынскі.
Ён таксама адзначыў, што Лукашэнка падпісаў памілаванне ў адказ на прашэнне кіраўніка Прыморскага краю Алега Кажамякі, які асабіста звярнуўся да яго. Паводле Гашынскага, усё вырашылася літаральна за тыдзень:
— Тыдзень таму я ўжо ведаў, што пэўная праца ў гэтым кірунку вядзецца.
Ён таксама дадаў, што Соф’я Сапега «шалёна шчаслівая, прыйдзе ў сябе і сама ўсё раскажа».
Нагадаем, Соф’ю Сапегу затрымалі 23 траўня 2021 года разам з былым галоўным рэдактарам тэлеграм-канала NEXTA Раманам Пратасевічам у мінскім аэрапорце пасля таго, як улады Беларусі пасадзілі самалёт авіякампаніі Ryanair, што ляцеў з Афін у Вільнюс. Пара вярталася з адпачынку. Дзяўчыну абвінавацілі ў адміністраванні тэлеграм-канала «Чорная кніга Беларусі», у якім публікуюцца асабістыя звесткі сілавікоў.
Сапегу асудзілі на шэсць гадоў калоніі агульнага рэжыму. У памілаванні ёй спачатку адмовілі. У красавіку 2023 года стала вядома, што Соф’ю Сапегу, магчыма, адправяць даседжваць тэрмін у Расію. Расійскі суд мусіў вызначыць тэрмін, які палітзняволеная будзе адбыць ужо ў роднай краіне. Пасля гэтага яе перавод з Беларусі стаў бы тэхнічна магчымы.