Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з замежнымі і беларускімі журналістамі расказаў, у якім выпадку Беларусь будзе гатовая задзейнічаць армію ў вайне супраць Украіны, перадае прэс-служба палітыка.
— Я гатовы разам з расіянамі ваяваць з тэрыторыі Беларусі толькі ў адным пакуль выпадку: калі адтуль хоць адзін салдат прыйдзе на тэрыторыю Беларусі забіваць маіх людзей. Калі яны зробяць агрэсію супраць Беларусі, адказ будзе вельмі жорсткі. І вайна набудзе зусім іншы характар, — падкрэсліў Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта датычыць не толькі Украіны, але і іншых суседзяў.
Адказваючы на пытанне журналіста BBC, ён чарговы раз расказаў, «адкуль на Беларусь рыхтавалася нападзенне».
— Гэта былі наўмысныя дзеянні ўкраінскага боку. Не ведаю толькі, навошта гэта трэба было. Яны ў першыя хвіліны былі падвергнутыя ўдару з тэрыторыі Беларусі. Гэта было за некалькі хвілін — раніцай перад пачаткам спецыяльнай ваеннай аперацыі, — паўтарыў Лукашэнка свае старыя заявы, але нейкіх доказаў зноў не прывёў.
Спікер таксама адмовіўся называць расійскую ўзброеную агрэсію «ўварваннем». Ён абвінаваціў украінскія ўлады ў недатрыманні Мінскіх пагадненняў і ўсклаў на Кіеў і калектыўны Захад віну за развязванне поўнамаштабнай вайны. Лукашэнка таксама нагадаў пра свае старыя крыўды: «З 2020 года Украіна фактычна першай увяла санкцыі ў дачыненні да Беларусі, яшчэ нават да заходніх краін».
— А я лічу, што не ўварванне. Гэта не ўварванне. Украінскія ўлады самі справакавалі гэтую аперацыю. Вось такімі дзеяннямі. Я іх толькі некалькі назваў. Трэба было тады дамовіцца з Расіяй, каб не было гэтай вайны. Але ўсё было нацэлена, пачынаючы ў тым ліку з Мінскіх пагадненняў, каб развязаць вайну, — канстатаваў Лукашэнка. — Ніякага ўварвання не было. Я лічу, гэта абарона інтарэсаў Расіі і тых людзей, якія там жылі, — рускіх людзей.
Вяртаючыся да пытання, ці магчымая «агрэсія» з боку Беларусі, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз паўтарыў, што не хоча вайны.
— Мы мірныя людзі. Мы ведаем, што такое вайна. Мы не хочам вайны. І мы ні ў якім выпадку не збіраемся ўводзіць свае войскі на тэрыторыю Украіны. Калі толькі вы адтуль не здзейсніце агрэсію на тэрыторыю Беларусі. Вось мой адказ. Ён дадзены даўно, — сказаў Лукашэнка.
Ён нагадаў, што Расія — саюзнік Беларусі, у краін ёсць сумесная вайсковая групоўка. Расія ніколі не прасіла, каб Беларусь пачала вайну супраць Украіны.