Міністэрства па падатках і зборах растлумачыла, ці могуць работнікі ІТ-галіны пераходзіць на новы падатак, які ўвялі ў Беларусі з 2023 года. Гаворка пра збор на прафесійны даход. Калі каротка: то айцішнікі змогуць працаваць на новым падатку, але для гэтага трэба выканаць некалькі патрабаванняў.
У МПЗ удакладняюць, што паводле рашэнняі ўрада (гаворка пра пастанову № 851 ад 8 снежня 2022 года) пераходзіць на выплату падатку на прафесійны даход могуць тыя спецыялісты, якія займаюцца распрацоўкай вэб-сайтаў, устаноўкай або наладкай камп’ютараў і праграмнага забяспечання. А яшчэ — аднаўленнем камп’ютараў пасля збою, рамонтам і тэхабслугоўваннем камп’ютараў і перыферыйнага абсталявання, а таксама навучаннем працы на персанальным камп’ютары.
Аднак чыноўнікі пашырылі спіс відаў дзейнасці, якія падпадаюць пад падатак на прафесійны даход, удакладняюць у МПЗ.
У ведамстве дадаюць, што з 1 студзеня 2023 года маюць права прымяняць новы падатак фізасобы, якія самастойна (новы падатак могуць прымяняць самазанятыя. — Заўв. рэд.) аказваюць ІТ-паслугі дыстанцыйна з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт на замову іншых фізічных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў або арганізацый.
У МПЗ удакладняюць, што гаворка ў тым ліку пра фізічных асобаў, зарэгістраваных як ІП. «Для ажыццяўлення такой дзейнасці фізічным асобам не патрабуецца дзяржаўная рэгістрацыя ў якасці суб’ектаў гаспадарання», — тлумачаць у МПЗ.
Але для айцішнікаў ёсць некалькі патрабаванняў, каб працаваць на новым падатку. Сярод іх:
- дзейнасць мусіць ажыццяўляцца самастойна;
- дзейнасць мусіць ажыццяўляцца па-за месцам знаходжання замоўцы (яго філіяла, іншага адасобленага структурнага падраздзялення), тэрыторыі або аб’екта, якія знаходзяцца пад кантролем замоўцы;
- замоўца не з’яўляецца наймальнікам;
- для аказання паслуг выкарыстоўваецца сетка Інтэрнэт;
- вынікі аказаных паслуг перадаюцца праз сетку Інтэрнэт.
«Пры недатрыманні хаця б адной з вышэйпералічаных умоваў фізасоба не мае права прымяніць падатак на прафесійны даход у дачыненні да паслуг, якія ёю аказваюцца», — удакладняюць у МПЗ.