Любы беларус або турыст, які наведаў сталічную плошчу Перамогі, зверне ўвагу на знакі, на якіх напісаныя назвы гарадоў-герояў (і адной крэпасці-героя). Такое ганаровае званне за савецкім часам давалі населеным пунктам, якія больш за іншых адзначыліся падчас Другой сусветнай вайны, — усяго іх было 13. Сярод іх ёсць і Мінск, які ўзнагародзілі роўна паўстагоддзя таму — 26 чэрвеня 1974 года. Аднак беларускай сталіцы ў гэтым спісе магло і не быць. Расказваем, як Мінск атрымаў званне горада-героя, на якія інтрыгі давялося пайсці кіраўніцтву БССР і як яму потым адпомсціла Масква.
Іншыя гарады-героі і дзве няўдалыя спробы Мінска
Упершыню пра гарады-героі ў кантэксце Другой сусветнай загаварылі яшчэ 1 траўня 1945 года. У гэты дзень у газеце «Праўда» — галоўным выданні СССР — быў апублікаваны загад Іосіфа Сталіна. Звяртаючыся да войска і флоту, дыктатар канстатаваў, што перамогу належыць адзначыць салютам у сталіцах саюзных рэспублік, а таксама «гарадах-героях: Ленінградзе (цяпер Санкт-Пецярбург. — Заўв. рэд.), Сталінградзе (цяпер Валгаград. — Заўв. рэд.), Севастопалі і Адэсе».
Ужо 13 чэрвеня таго ж года на імя кіраўніка БССР Панцеляймона Панамарэнкі паступіла запіска з прапановай «распачаць хадайніцтва перад саюзным урадам наконт прысваення <…> гораду Мінску звання горада-героя за выбітны ўдзел яго ў арганізацыі і развіцці партызанскага руху». Яе падпісалі першы сакратар мінскіх абкама і гаркама партыі Васіль Казлоў, старшыня Мінаблвыканкама Раман Мачульскі, сакратар Мінскага гаркама партыі Іосіф Бельскі (у гонар усіх траіх названыя вуліцы горада) і старшыня Мінскага гарсавета Іван Паромчык.
Аднак 19 чэрвеня Панамарэнка рэзка раскрытыкаваў аўтараў запіскі: «Вы мне прабачце, таварышы-героі, аднак я мушу ў вочы сказаць. Нясціпласць, самаўсхваленне — гэта не сапраўдная рыса сапраўднага героя. Як гэта непрыгожа гучыць і стварае нагоду паставіць нас у непрыемнае становішча».

На думку гісторыкаў, Панамарэнка насамрэч проста не хацеў лішні раз нагадваць Сталіну пра Мінск, які пакінулі ў першыя дні вайны. А яшчэ ў дакуменце не рабіўся акцэнт на яго, Панамарэнкі, гераічных дзеяннях.
У любым выпадку, не ўганаравалі нікога: афіцыйна ганаровае званне «горад-герой» аформілі толькі ў 1965-м. Мяркуючы з усяго, прапановы па першых населеных пунктах збіралі па ўсім Савецкім Саюзе. 22 красавіка Пётр Машэраў, які толькі за месяц да гэтага стаў кіраўніком БССР, прапанаваў надаць Мінску званне «горад-герой», а цытадэлі ў Брэсце — «крэпасць-герой».
План спрацаваў толькі часткова. 8 траўня выйшаў адпаведны ўказ. Першымі гарадамі-героямі, «працоўныя якіх праявілі масавы гераізм і мужнасць у абароне Радзімы ў <…> 1941−1945 гг.», былі названыя Масква, Ленінград, Валгаград, Кіеў, Севастопаль, Адэса і Брэсцкая крэпасць. Адначасова Дзень Перамогі быў абвешчаны святочным непрацоўным днём.
У такім прызнанні была не толькі пашана. Пасля атрымання статусу ў гарадах павялічваўся паток турыстаў, да чаго, дарэчы, населеныя пункты не заўсёды былі гатовыя. Але галоўны аргумент на карысць атрымання статусу горада-героя быў гістарычна-ідэалагічны. Як адзначалі гісторыкі Кацярына Балтунова і Галіна Ягорава, па сутнасці, з сярэдзіны 1960-х гадоў аповед пра Другую сусветную «аказваўся ў значнай ступені абумоўлены развіццём праекта „Гарады-героі“. Наданне статусу чарговай тэрыторыі вяло да карэктавання наратыву, пры гэтым гарады, якія траплялі ў поле зроку аўтараў навучальных тэкстаў раней, але аказаліся па-за ўзнагародамі, паслядоўна выцясняліся з аповеду». То-бок у цэлым савецкі міф пра Другую сусветную будаваўся на гарадах-героях — без гэтага звання ніякага сур’ёзнага ўнёску ў перамогу нібыта і не было.
Гэтыя ж спецыялісты адзначаюць найважнейшую ролю Пятра Машэрава ў тым, што Мінск усё ж атрымаў гэтае званне. Яшчэ яго папярэднікі рабілі пэўную стаўку на пабрацімства Мінска з ужо прызнанымі гарадамі-героямі: у першае пасляваеннае дзесяцігоддзе кіраўніцтва БССР ініцыявала праграмы, якія дазвалялі сталіцы рэспублікі з’яўляцца на старонках прэсы разам з Ленінградам, Сталінградам, Адэсай і Севастопалем. Напрыклад, у 1947-м прайшло сацспаборніцтва будаўнічых брыгадаў Мінска і Сталінграда, якое шырока асвятлялася ў рэгіянальнай прэсе абодвух гарадоў. У 1966-м, ужо за Машэравым, недалёка ад Мінска быў створаны мемарыяльны комплекс «Курган Славы» — на мітынг у гонар пачатку будаўніцтва запрасілі прадстаўнікоў гарадоў-герояў.
Хатынь і міфы пра падполле
Але галоўнымі фактарамі, якія дапамаглі Мінску стаць горадам-героем, на думку даследчыкаў, былі «тэма беларускага падполля і ідэя віктымнасці, то-бок указанне на ахвяры фашысцкай агрэсіі і формы супрацьстаяння ёй на тэрыторыі Беларусі». Яшчэ ў 1969-м быў адкрыты мемарыял у вёсцы Хатынь (знішчанай нацыстамі), які атрымаў агульнасаюзную вядомасць. Як адзначалі Балтунова і Ягорава, «істотна, што пасля рэалізацыі гэтага праекта Мінск і Хатынь у савецкай публічнай прасторы часта выступалі разам, а прэзентацыя рэгіёна, прычым як для савецкіх грамадзян, так і для замежнікаў меркавала аповед (або паездку) адначасова ў Мінск і ў Хатынь».
Паралельна Машэраў зрабіў стаўку на прасоўванне наратыву пра ўнёсак у перамогу падпольшчыкаў і партызан, якія дзейнічалі ў акупаваным Мінску. Сваю ролю адыгралі дакументальная проза Івана Новікава (кніга «Руіны страляюць ва ўпор»), шасцісерыйны фільм «Руіны страляюць», зняты на «Беларусьфільме», шматлікія артыкулы ў беларускай і маскоўскай прэсе.
Аднак што да мінскага падполля існаваў важны нюанс. Ва ўсходніх гарадах Беларусі (Магілёве, Віцебску, Гомелі), куды вайна прыйшла пазней, улады здолелі загадзя пакінуць для падпольнай працы групы людзей. У Мінску, які акупавалі ўжо 28 чэрвеня (нагадаем, вайна пачалася 22-га), зрабіць гэта не паспелі. Таму падполле ў горадзе ўзнікла знізу, а не зверху, без кантролю з боку Масквы. Да канца 1941 года ў беларускай сталіцы і ваколіцах дзейнічала больш за 50 арганізацый і груп, што ўжо само па сабе было падазрона для паранаідальных сталінскіх часоў. У канцы лістапада 1941 года Іван Кавалёў — да вайны сакратар Заслаўскага райкама партыі — аб’яднаў іх у Мінскі падпольны гаркам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі.

Аднак падчас акупацыі здарыліся два правалы. Першы — у сакавіку-красавіку 1942-га, калі арыштавалі больш за 400 падпольшчыкаў. Другі — у верасні-кастрычніку таго ж года, калі арыштавалі яшчэ сотні чалавек. Сярод іх быў і Кавалёў, які загінуў у зняволенні. Аднак яшчэ ў гады вайны ў Крамлі вырашылі, што ніякага антыфашысцкага падполля ў Мінску няма, а тое, пра якое даходзілі звесткі, — гэта правакацыя нацысцкіх спецслужбаў: нібыта яно фармавалася са здраднікаў. Вядомыя факты пра тое, што некаторых падпольшчыкаў, якія прыходзілі з Мінска ў партызанскія атрады, проста расстрэльвалі, лічачы іх засланымі правакатарамі.
На фармаванне такога меркавання паўплывалі і акупацыйныя ўлады: яны запусцілі чуткі, што Кавалёў пагадзіўся на супрацоўніцтва з імі. Частка выжылых удзельнікаў падполля, якія бачылі яго ў турме і нават сядзелі нейкі час у адной камеры з ім, сцвярджалі, што Кавалёў загінуў, нікога не выдаўшы. Але ім не паверылі. Толькі ў 1959-м мінскае падполле было рэабілітаванае. Але яго кіраўніка і многіх людзей, звязаных з ім, працягвалі лічыць здраднікамі. Забягаючы наперад, скажам, што Кавалёва рэабілітавалі толькі ў 1990 годзе, за год да распаду Савецкага Саюза.

Таму для Крамля асноўны козыр Машэрава быў сумнеўнага паходжання. Справа вырашылася пасля таго, як у гульню ўступіў журналіст Мікола Матукоўскі.
Змова супраць Палітбюро
Матукоўскі (1929−2001) быў вядомы як драматург, кінасцэнарыст, публіцыст і журналіст. Яго п’есы карысталіся папулярнасцю. У сталічным Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі і цяпер ідзе спектакль паводле яго твора «Мудрамер». Пікам жа яго кар’еры стала праца ў газеце «Известия», адной з самых папулярных у СССР. З 1966 года Матукоўскі быў яе ўласным карэспандэнтам, у 1970−1993 гадах — загадчыкам беларускага аддзялення «Известий».
Ва ўспамінах, апублікаваных ужо пасля яго смерці, ён расказваў, як у 1974-м сустрэўся з Машэравым. Памочнік папрасіў яго не затрымлівацца, таму журналіст пайшоў з месца ў кар’ер: «Пётр Міронавіч! Я ішоў да вас па чалавечых касцях, на якіх стаіць Мінск. Вы вельмі шмат зрабілі для Беларусі, але Беларусь ніколі не даруе вам аднаго: вы не дабіліся для Мінска звання горада-героя».
«Дагэтуль не магу зразумець, што падштурхнула мяне да такой дзёрзкасці. Напэўна, усё ж вывела з раўнавагі тая беспардонная гістарычная несправядлівасць, якую выказаў да Мінска маскоўскі Алімп. Колькі ж можна было чакаць „міласціны“ ад спарахнелага генеральнага сакратара?» — каментаваў Матукоўскі. Гаворка тут пра савецкага лідара Леаніда Брэжнева, хоць насамрэч стан генеральнага сакратара рэзка пагоршыўся толькі ў 1976-м, ён яшчэ не «парахнеў». Імаверна, тут мемуарыст перанёс на той час свае пазнейшыя ўспаміны.
«Пётр Міронавіч здрыгануўся, як ад удару. Ён выскачыў з-за стала, нервова захадзіў па кабінеце, спрабуючы закурыць на хаду. Ён курыў не цыгарэты, а старамодныя папяросы з даўжэзным муштуком. Рукі ў яго дрыжалі, папяросы ламаліся, запалкі не запальваліся. Яму ўдалося закурыць толькі з трэцяга ці чацвёртага разу. Твар яго так збялеў, што я баяўся на яго глядзець. „Ну вось, уліп ты, Мікола, — падумалася мне. — Зараз ты атрымаеш ад брамы ды прама“», — успамінаў журналіст.

Паводле яго словаў, Машэраў адрэагаваў так: «Ты думаеш, я не спрабаваў? — амаль закрычаў ён. — Зарубілі! Не хочуць х*хлы, каб наш Мінск зраўняўся з іх Кіевам! А я ўсяго толькі кандыдат у чальцы Палітбюро (найвышэйшы партыйны орган. — Заўв. рэд.)! Я не маю права яшчэ раз вяртацца да таго, што Палітбюро ўжо пахавала! Мяне проста выставяць за дзверы! Зразумей, я не баюся, але каму ад гэтага будзе карысць?»
Пад абразлівым словам «х*хлы» здесь, відаць, меліся на ўвазе не ўкраінцы як нацыя, а выхадцы з гэтай рэспублікі ў кіраўніцтве СССР. Пераразмеркаванне сімвалічнага капіталу ў бок УССР пачалося яшчэ за Мікітам Хрушчовым, які да гэтага кіраваў рэспублікай. Кіеў стаў першым з будучых гарадоў-герояў, дзе была аформленая поўнамаштабная мемарыяльная зона, прысвечаная перамозе ў вайне, — з абеліскам, магілай Невядомага салдата і Вечным агнём.
Сітуацыя не змянілася за наступным лідарам, Леанідам Брэжневым, які нарадзіўся ў вёсцы ў Днепрапятроўскай вобласці Украіны. У дакументах нават сустракаюцца два варыянты нацыянальнасці гэтага палітыка. Мяркуючы з усяго, першапачаткова ён фігураваў у іх як украінец, паволдле месца нараджэння. Потым стаў рускім, але любоў да Украіны захаваў. Акрамя яго ў найвышэйшым кіраўніцтве СССР былі і іншыя выхадцы з Украіны. Напрыклад, Мікалай Падгорны, які ўзначальваў Прэзідыум Вярхоўнага Савета (парламента) СССР.
Дык вось Матукоўскі, паводле яго словаў, тады прапанаваў напісаць артыкул, пасля якога чытачы самі паставяць пытанне пра ўзнагароджанне Мінска.
«А ты ведаеш… гэта ідэя! Менавіта вашая газета можа заткнуць рот Падгорнаму, які больш за ўсіх супрацівіўся на Палітбюро. Не будзе ж ён выступаць супраць сваёй газеты! На смех падымуць!.. А ты не баішся? — спытаў, паводле ўспамінаў Матукоўскага, Машэраў. — Бо ў нас з табой атрымліваецца нешта накшталт змовы супраць Палітбюро! Вядома, у турму за гэта нас не пасадзяць, але непрыемнасці могуць быць і ў цябе, і ў мяне».
Той заявіў, што не баіцца. На просьбу лідара БССР Матукоўскі заручыўся падтрымкай галоўнага рэдактара «Известий» Льва Талкунова і ўзяўся за працу, не кажучы пра яе нікому.

На просьбу Машэрава яго памочнік патэлефанаваў у Інстытут гісторыі партыі і папрасіў паказаць усе дакументы пра мінскае падполле, якія былі там. «Забягаючы наперад, скажу, што яго слова спрацавала безадмоўна. У гістпарце мне паказалі ўсё, нават тое, чаго раней іншым не паказвалі», — успамінаў Матукоўскі. Азнаёміўшыся з дакументамі, ён узяў на два тыдні адпачынак за свой кошт і з’ехаў у Аксакаўшчыну пад Мінскам (мяркуючы з усяго, у адзін з мясцовых санаторыяў).
«1100 дзён»
«На мяне накаціў нейкі панічны жах — а раптам не атрымаецца? Былі моманты, калі мне хацелася кінуць усё і прызнацца ва ўласнай творчай бяссільнасці. Бо ёсць жа мяжа, вышэй і далей за якую не ступіш! Кожны аўтар, няхай ён нават сем пядзяў лоб, мае права на няўдачу, на правал!.. <…> Першы варыянт матэрыялу я бязлітасна знішчыў. У ім было занадта шмат „асабістага“, занадта шмат „нерваў“ і „пакутаў“. Прамучыўся яшчэ два дні, пакуль не знайшоў ключ-стыль, наўмысна сухі і жорсткі. Каб кожны радок не „пакутаваў“, а „страляў“, працаваў бы на тыя страшныя дакументы, якія я прыводзіў, і наадварот, каб дакументы стылем не адрозніваліся ад майго ліста. Ніякіх эмоцый, ніякай „спагады“, ад першага да апошняга слова — дакумент», — расказваў журналіст.
Толькі ў самым фінале матэрыялу ён не змог даць рады эмоцыям: «Калі ў Мінск прыязджаюць госці і просяць паказаць славутасці, ім паказваюць магілы. А ў кожнай з іх 20 тысяч… 30 тысяч… 100 тысяч. У іх чалавечыя жыцці, цэлыя светы! Непабудаваныя дамы, ненапісаныя кнігі, непраспяваныя песні, ненароджаныя дзеці… І калі раптам гісторыя павернецца так, што яшчэ раз… Хай мой лёс і лёс маіх дзяцей нічым не адрозніваецца ад мужнага лёсу тых, хто аддаў перавагу смерці перад рабствам, гонару і свабодзе Радзімы — перад няволяй…»
Напісаны тэкст Матукоўскі паказаў Машэраву, таму ён вельмі спадабаўся. «Калі развітваліся ля парога, ён раптам сказаў: „Прасі ў мяне чаго хочаш!“» — успамінаў журналіст, які сцвярджаў, што адказаў так: «Скажыце мне першаму, калі мы пераможам».
Пасля напісання тэксту яго трэба было правесці праз патройную цэнзуру: завізаваць у Генеральным штабе, у яго Разведвальным упраўленні і ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі. «Усе тры візы трэба было атрымаць за адзін дзень! Мы не мелі права цягнуць даўжэй, якая-небудзь з гэтых трох інстанцый магла нас „рассакрэціць“ званком наверх», — тлумачыў Матукоўскі.
Галоўны рэдактар «Известий» даў яму сваю машыну з урадавымі нумарамі, і журналіст паехаў у Разведвальнае ўпраўленне Генеральнага штаба: «Зайшоў у кабінет, у які мне загадана было з’явіцца, і амаль нядбайным, амаль абыякавым тонам вымавіў: „Вас прасілі гэта паглядзець, каб не пракралася якая-небудзь недакладнасць…“ Падзейнічала! І „вас прасілі“, і „дробная недакладнасць“. Калі гаворка ідзе ўсяго толькі пра дробную недакладнасць, значыць, „па-буйному“, у прынцыпе, пытанне дзесьці вырашанае! На гэты эфект я і разлічваў».
У КДБ Матукоўскі ехаў ужо смялей: «У Камітэце я ўжо зусім нахабна заявіў: „Вось гэта прасілі паглядзець разведчыкі. У іх ніякіх заўваг няма, але яны прасілі паказаць вам…“ Штамп Разведвальнага ўпраўлення магічна падзейнічаў на работнікаў Камітэта дзяржбяспекі». Пасля гэтага пераканаць вайсковага цэнзара Генеральнага штаба было няцяжка.
У выніку дакументальны аповед пра мінскае падполле пад назвай «1100 дзён» (менавіта столькі Мінск быў пад акупацыяй і столькі цягнулася барацьба падпольшчыкаў) быў надрукаваны ў трох нумарах «Известий» — за 27, 28 і 30 красавіка 1974 года.
«У нашую рэдакцыю лінуў паток лістоў — пяць мяшкоў! — пісаў Матукоўскі. — І ў канцы кожнага ліста было пытанне: чаму Мінск не горад-герой? Дзіўная рэч — з Беларусі лістоў амаль не было. Дагэтуль зразумець не магу: чакалі беларусы, спадзяваліся на справядлівасць? Ці верылі, што іх інтарэсы абароняць браты з іншых рэспублік? [Валянцін] Гольцаў (загадчык ваеннага аддзела газеты. — Заўв. рэд.) патэлефанаваў у ЦК КПСС і спытаў: — Што нам рабіць з лістамі? Пераслаць вам? „Навошта? — адказалі адтуль з раздражненнем. — У нас столькі ж…“ Аказваецца, амаль кожны аўтар пісаў два лісты адразу — нам, у рэдакцыю, і ў ЦК КПСС. Для надзейнасці».
Паводле яго словаў, галоўнага рэдактара «Известий» неўзабаве звольнілі: «Думаю, не выпадкова». Але насамрэч Талкунова перавялі на іншую пасаду праз два гады, у 1976-м. Ды яшчэ і павысілі з кандыдатаў у чальцы ЦК КПСС. Так што ад гэтай таемнай аперацыі ніхто не пацярпеў.
Чатыры гады чакання Брэжнева
Даваць званне пасля публікацыі артыкула ў газеце было неяк несамавіта, таму ў Мінск спусцілі заданне: зноў самім звярнуцца з просьбай наверх. 19 чэрвеня, праз паўтара месяца пасля публікацыі, у ЦК КПСС пайшоў ліст за подпісам Машэрава. «Учитывая большие заслуги перед Родиной, массовый героизм и стойкость, проявленные трудящимися г. Минска в борьбе против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны, и в ознаменование 30-летия изгнания немецко-фашистских оккупантов с территории Белорусской ССР, ЦК Компартии Белоруссии просит ЦК КПСС решить вопрос о присвоении г. Минску звания города-героя», — паведамлялася ў тэксце.
Рашэнне прынялі аператыўна. «Дзесьці ў дваццатыя дні чэрвеня мяне адшукаў па тэлефоне Віктар Крукаў (памочнік Машэрава. — Заўв. рэд.): „Тэлефанаваў з Масквы Пётр Міронавіч і прасіў перадаць табе толькі адно слова: „Адбылося“. Не ведаю, што ён меў на ўвазе, але адчувалася, што настрой у яго вельмі добры“. Вядома ж, Віктар Якаўлевіч добра разумеў, што „адбылося“, але працягваў гуляць у таямніцу», — успамінаў Матукоўскі.
Радасны, ён пабег да сваіх сяброў — паэта Генадзя Бураўкіна і яго жонкі Юліі.
«„У вас ёсць шампанскае? — спытаў я, ступіўшы праз парог. — Налівайце!“ Налілі тры поўныя фужэры. Я выпіў і… з размаху ўдарыў фужэр аб падлогу. Крыштальныя аскепкі нават у акно паляцелі. Генадзь і Юля аслупянелі і… ударылі свае фужэры аб паркет: „Ну, а цяпер кажы! — запатрабавалі яны. — Што здарылася?“» — расказваў ён.
У выніку 26 чэрвеня Мінск афіцыйна атрымаў званне «горад-герой».
Заставалася драбніца: афіцыйная цырымонія, падчас якой да сцяга горада прымацоўваліся ордэн Леніна і медаль «Залатая Зорка». Да гэтага Брэжнеў асабіста ўручыў узнагароду Маскве, Ленінграду, Кіеву, Наварасійску. Валгаграду ордэн уручаў прэм’ер-міністр Аляксей Касыгін — але ў той жа дзень аналагічная цырымонія праходзіла ў Ленінградзе, дзе прысутнічаў генеральны сакратар. У Севастопаль, Адэсу і Брэсцкую крэпасць прыязджалі высокапастаўленыя чальцы Палітбюро. Узнагароды Керчы да сцяга горада прымацавалі чыноўнікі ніжэйшых рангаў: кіраўнік Украіны Уладзімір Шчарбіцкі і міністр абароны Андрэй Грэчка. «Размеркаванне месцаў у іерархіі гарадоў, якое задавала пасаду таго, хто ўручае ўзнагароду, і час, які прайшоў паміж абвяшчэннем пра атрыманне звання і ўласна цырымоніяй уручэння ўзнагародаў, выклікалі нязменную грамадскую цікавасць», — пісалі гісторыкі.
У 1977-м Леанід Брэжнеў патэлефанаваў першаму сакратару Тульскага абкама КПСС Івану Юнаку і пацікавіўся, як той паставіцца, калі генеральны сакратар прыедзе асабіста ўручыць Туле «Залатую Зорку». «Мне неяк нязручна перад беларусамі, — замяўся Юнак. — Мінск ужо даўно чакае ўзнагароды». Указ пра Тулу выйшаў у 1976-м, на два гады пазней за беларускую сталіцу. «Хай Машэраў і мінчане яшчэ тры гады з мяцёлкай у руках чысцяць свой горад», — адрэзаў Брэжнеў, які неўзабаве прыехаў у гэты суседні з Масквой горад.
Але ўрэшце 25 чэрвеня 1978 года ён усё ж прыехаў у Мінск. Гэта адбылося праз чатыры гады пасля ўзнагароджання, што выглядала як абраза. У дадатак адчуваўся кантраст: на ўрачыстай цырымоніі, якая прайшла ў Оперным тэатры, Брэжнеў змудрыўся пакрытыкаваць «отстающие предприятия» Беларусі, працоўныя якіх, паводле яго, былі заўважаныя ў «сістэматычным невыкананні плана» і «парушэнні дысцыпліны». Хоць у Кіеве ў 1965-м ён не сказаў ніводнага слова крытыкі, а таксама быў вельмі эмацыйны: гаварыў з трыбуны пра «шырокі Днепр, апеты Шаўчэнкам і Гогалем», пра багатую культуру рэспублікі, пра «нашчадкаў запарожцаў», якія стаяць цяпер «на высокіх кіеўскіх гарах, увянчаных пунсовым сцягам».
Што да самой цырымоніі, то было так. «Надышоў час прымацаваць да сцяга горада „Залатую Зорку“ і ордэн Леніна, — успамінаў фатограф Мікалай Амельчанка. — Брэжнеў падышоў да сцяга, пачаў прымацоўваць узнагароды. Але… нічога ў яго не атрымлівалася. А дапамагчы нельга — не той выпадак. Вялізная зала стаіла дыханне. Працэдура зацягнулася да непрыстойнасці. Нарэшце Леанід Ільіч сяк-так справіўся з задачай і з палёгкай уздыхнуў. Праз шмат гадоў адзін дакументаліст у сваёй кнізе напісаў, што ў тым эпізодзе з-за сцяга высунулася нечая рука і дапамагла Брэжневу. Матэрыял так і называўся — „Трэцяя рука Брэжнева“. Дык вось, хачу вас расчараваць: ніякай трэцяй рукі не было. Я стаяў метры за тры і ўсё цудоўна бачыў».
Пасля цырымоніі пачаўся канцэрт. Матукоўскі аказаўся ў зале Опернага за спінай у Брэжнева: «Я хацеў сысці, але разумеў, што мяне адразу ж схопіць „дзявятка“ (Упраўленне КДБ, якое адказвала за ахову першых асобаў. — Заўв. рэд.): падклаў пад крэсла якое-небудзь паскудства, а сам змываецца! Я вымушаны быў сядзець да канца і слухаць злоснае бурчанне. Генсеку не падабаўся канцэрт, і яго пачалі згортваць, выкідваючы з праграмы адразу па два нумары».
Вечаровы банкет праходзіў у рэстаране «Журавінка». «На двух паверхах сабралася чалавек восемсот. Я сядзеў недалёка ад прэзідыума і ўважліва сачыў за госцем, — успамінаў пісьменнік Іван Шамякін. — Брэжнеў быў нібы адключаны ад гэтага свету, ад усяго навакольнага. Нібыта прыслухоўваўся не да таго, што казалі, а да таго, як бурчыць у яго ў жываце. Можа, і праўда ў яго нешта балела. Нічога не выпіў, нават не падняў чаркі. Нічога не еў, ад афіцыянта адмахнуўся, талерка так і засталася чыстая. І раптам, калі мы не паспелі яшчэ разжаваць першую закуску, ён, ні слова не сказаўшы, падняўся і пайшоў да выхаду: за ім кінуліся ашаломленыя кіраўнікі рэспублікі».
Зрэшты, пасля ад’езду Брэжнева ў Маскву бяседа працягнулася з новымі сіламі, бо нагода была вартая.
Чытайце таксама


