«Выкупленне віны». Расійскі журналіст размясціў на сайце «Комсомольской правды» матэрыялы пра злачынствы РФ ва Украіне
12 лютага 2023 у 1676214960
«Зеркало»
Увечары 11 лютага на сайце расійскай «Комсомольской правды» з'явілася серыя тэкстаў пра ваенныя злачынствы Расіі ва Украіне. Іх апублікаваў 24-гадовы Уладзімір Раманенка, паведамляе выданне «Продолжение следует». Вось чаму ён гэта зрабіў.
Уладзімір Раманенка пераехаў у Маскву і ўладкаваўся навіншчыкам у «Комсомольскую правду» ў верасні 2022 года. Пасля абвяшчэння частковай мабілізацыі ён пераехаў за мяжу і працягваў працаваць дыстанцыйна. Пры гэтым, па словах журналіста, ён з самага пачатку працы ў «Комсомольской правде» займаў антываенную пазіцыю.
- Маё выказванне я вырашыў прымеркаваць да года з моманту пачатку вайны: падчас працоўнай змены я проста заліў у адмінку сайта публікацыі, дзе гаворыцца пра злачынствы расійскіх уладаў і арміі ва Украіне, - тлумачыў ён. - Пра колькасць ахвяраў сярод мірнага насельніцтва. Пра тое, колькі насамрэч чалавек страціла расійская армія ў гэтай вайне, і пра тое, колькі грошай Пуцін запампоўвае ў вайну. Усе іх я пісаў сам, грунтуючыся на афіцыйных звестках дзяржорганаў Украіны, публікацыях незалежных расійскіх і заходніх СМІ.
Частку тэкстаў журналіст змясціў у раздзел «Галоўнае», каб яны паказваліся на сайце. Паралельна паставіў пазнакі, каб матэрыялы апублікаваліся ў «Яндэкс.Дзэне», але не прайшло і дзесяці хвілін, як іх выдалілі з сэрвісу. З сайта «Комсомольской правды» тэксты таксама аператыўна прыбралі, але ўсе яны даступныя ў архіве.
- Для мяне такі крок - гэта скачок у бездань. Я шукаю нейкую працу, ашчаджэнняў асабліва не засталося. Але ўспрымаю гэта як выкупленне віны. Застацца без працы - як на мяне, сувымерная плата за тое, што я хлусіў, - расказаў Уладзімір.