Чыноўнікі «прагаварыліся», колькі ў Беларусі жыве пенсіянераў
26 верасня 2024 у 1727342340
«Зеркало»
У Беларусі кожны пяты пенсіянер працягвае працаваць, заявіла намесніца міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка падчас прэс-канферэнцыі. «Гэта 445 тысяч чалавек, або 21,5% ад агульнай колькасці пенсіянераў», - паведаміла прадстаўніца гэтага ведамства.
«Для рынку працы вельмі каштоўны гэты рэсурс (людзі пенсійнага ўзросту. - Заўв. рэд.)», - заявіла Марына Арцёменка. Паводле яе, менавіта таму ўлады хочуць укараніць новаўвядзенні на рынку працы для гэтай катэгорыі насельніцтва.
Так, для тых, каму да выхаду на пенсію застаецца менш за пяць гадоў, хочуць пакінуць магчымасць атрымліваць дапамогу па беспрацоўі да паўгода. Нагадаем, для астатніх беларусаў збіраюцца скараціць гэты перыяд да трох месяцаў.
Атрымліваецца, калі 445 тысяч чалавек, якія працуюць на заслужаным адпачынку, складаюць 21,5% ад агульнай колькасці пенсіянераў, то ўсяго ў краіне каля 2 млн 70 тысяч людзей такога ўзросту.
Раней у Мінпрацы паведамілі, што ў ліпені 2022 года працоўныя пенсіі атрымлівае больш за 2,3 млн чалавек. Акрамя гэтага, ёсць яшчэ атрымальнікі сацыяльных пенсій. Да прыкладу, на пачатак 2022-га іх налічвалася 71 тысяча чалавек.
Нагадаем, у 2021 годзе ў Беларусі перасталі размяшчаць у адкрытых крыніцах інфармацыю пра колькасць пенсіянераў у краіне. Гэтага не робяць ні Белстат, ні Мінпрацы. Таксама Белстат не размяшчае звестак пра сярэднюю працягласць жыцця, як і пра сярэднія памеры пенсій.
Чытайце таксама