Мінск зноў агрызнуўся «недружалюбным» краінам. Крайнім, відаць, зноў будзе насельніцтва нашай краіны
21 мая 2024 у 1716311460
«Зеркало»
Урад дапоўніў спіс тавараў, якія забаронена ўвозіць і прадаваць у Беларусі. Абмежаванні датычаць некаторых «недружалюбных» краін - Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі і Эстоніі.
Так, забараняецца ўвозіць і прадаваць з гэтых краін піва, зброджаныя напоі, сродкі для догляду скуры. Пад абмежаванні трапілі і сродкі для валасоў, галення, гігіены рота і зубоў, дэзадаранты, саставы для ваннаў, мыла, сродкі для чышчэння.
Таксама ў гэты пералік уключылі дываны падлогавыя, мужчынскую тэкстыльную вопратку, абутак з верхам з натуральнай скуры, галаўныя ўборы, пасцель, сталовы посуд (кухонны з фарфору і шкляны), асновы матрацныя, лакі, фарбы, пліты, лісты, плёнкі з пластмасаў, цэтлікі і этыкеткі з паперы, кардону.
«Таксама пастановай забараняюцца ўвоз і рэалізацыя вады, уключаючы мінеральную і газаваную, з недружалюбных краін», - паведамляе Саўмін. То-бок гэты пункт датычыць усіх «недружалюбных» дзяржаваў.
Як тлумачаць ва ўрадзе, гэтыя абмежаванні ўводзяць як адказ на прынятыя гэтымі дзяржавамі санкцыі. Так, Латвіі Мінск прыгадаў забарону на імпарт з Беларусі харчовай прадукцыі па асобных пазіцыях, Літве - забарону на адзін год увозу сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў з Беларусі.
Таксама Мінск затаіў крыўду на падрыхтаваны «рэгламент Савета ЕС, асноўнымі ініцыятарамі якога выступілі пяць краін (Латвія, Літва, Польшча, Чэхія і Эстонія), які ўводзіць павышаныя пошліны на імпарт беларускай сельгаспрадукцыі», - удакладняюць у Саўміне.
Чытайце таксама