Проста апублікаваць у сеціве — ужо нельга. У Беларусі ўзмацняюцца патрабаванні да размяшчэння вакансій
11 сакавiка 2024 у 1710154800
«Зеркало»
У канцы лютага дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў першым чытанні прынялі законапраект «Пра змяненне законаў па пытаннях занятасці насельніцтва». Сярод іншага там ёсць патрабаванне для наймальнікаў у першую чаргу падаваць вакансіі ў Агульнарэспубліканскі банк вакансій, толькі пасля гэтага іх можна размяшчаць у інтэрнэце, паведамляе партал ilex.by.
У законапраекце па пытаннях занятасці замацоўваецца патрабаванне для наймальнікаў у першачарговым парадку падаваць вакансіі ў Агульнарэспубліканскі банк вакансій. Толькі пасля гэтага або адначасова з гэтым іх можна публікаваць у сеціве.
- Уводзіцца забарона на размяшчэнне на камерцыйных анлайн-рэсурсах звестак пра наяўнасць вакансій, якія не заяўленыя ў Агульнарэспубліканскі банк вакансій. Мэта дадзенай нормы - максімальна напоўніць дакладнай і актуальнай інфармацыяй пра вакансіі Агульнарэспубліканскі банк вакансій, - патлумачыла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.
Размяшчаючы вакансію ў сеціве - напрыклад, на сайтах rabota.by, praca.by, belmeta.by і інш., - трэба даваць спасылку на Агульнарэспубліканскі банк вакансій.
Калі вакансія будзе размешчаная спачатку не ў Агульнарэспубліканскім банку, а на іншых рэсурсах, наймальніку пагражае адміністрацыйная адказнасць па ч. 3 арт. 10.11 КаАП за нясвоечасовае паведамленне органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне пра наяўнасць свабодных працоўных месцаў (вакансій). Штраф за такое парушэнне - ад 5 да 15 базавых велічыняў (ад 200 да 600 рублёў).
Вакансія можа быць пададзеная ў банк толькі ў электронным выглядзе, за выключэннем прадпрыемстваў з колькасцю работнікаў не больш за пяць чалавек. Таксама наймальнікі змогуць узаемадзейнічаць са службай занятасці дыстанцыйна.
Акрамя таго, працадаўцу далі права заяўляць у банк вакансій звесткі пра актуальную патрэбу ў работніках, у тым ліку па грамадзянска-прававых дамовах, а таксама пра перспектыўныя патрэбы на дзейныя і новыя працоўныя месцы.
Нагадаем, сярод іншых мер, прадугледжаных законапраектам:
- вызначэнне фіксаванага памеру дапамогі па беспрацоўі і ўвядзенне дадатковых патрабаванняў да яе атрымання;
- скарачэнне перыядаў знаходжання беспрацоўных і грамадзян, якія звярнуліся па пытаннях працаўладкавання, на ўліку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне;
- удакладненне абавязкаў грамадзян у галіне спрыяння занятасці насельніцтва;
- увядзенне інстытута кватавання працоўных месцаў для працаўладкавання інвалідаў;
- вызначэнне асноўных задач дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва;
- замацаванне нормы, якая рэгулюе пытанні функцыянавання Інфармацыйнага партала дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва;
- узмацненне кантролю за дзейнасцю агенцтваў па працаўладкаванні;
- пашырэнне магчымасцяў атрымання грамадзянамі спрыяння службы занятасці ў пошуку працы, а наймальнікаў - у падборы кадраў.