З 1 кастрычніка хочуць зменшыць нормы ўвозу бязмытных тавараў з-за мяжы. Але гэта можа не адбыцца (тлумачым чаму)
12 верасня 2023 у 1694513640
«Зеркало»
У Беларусі з 1 кастрычніка плануюць знізіць бязмытныя ліміты па пасылках з-за мяжы і на тавар, які ўвозяць наземным транспартам для асабістага карыстання. Аднак на ўзроўні Еўразійскага эканамічнага саюза могуць чарговы раз падоўжыць дзеянне цяперашніх лімітаў, у такім выпадку гэта закране і нашую краіну. «Люстэрка» расказвае падрабязнасці.
На сайце мытных органаў Беларусі гаворыцца, што з 1 кастрычніка зменяцца нормы ўвозу тавараў для асабістага карыстання, якія ўвозяцца наземным транспартам. Цяпер ліміты ўстаноўленыя на суму, эквівалентную 1000 еўра, а па вазе - не больш за 31 кілаграм. З 1 кастрычніка іх збіраюцца знізіць да кошту, які не перавышае сумы, эквівалентнай 500 еўра, і вагі, не большай за 25 кілаграмаў.
З 1 кастрычніка ў Беларусі таксама плануюць скараціць бязмытныя нормы па пасылках з-за мяжы - да 200 еўра і 31 кілаграма за адно адпраўленне. Цяпер гэты ліміт складае 1000 еўра і 31 кілаграм на адну бандэроль.
Але скарачэння лімітаў у кастрычніку можа і не адбыцца. Рэч у тым, што на ўзроўні Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), у які акрамя нашай краіны ўваходзяць Арменія, Казахстан, Кыргызстан і Расія, могуць прыняць рашэнне падоўжыць дзеянне цяперашніх лімітаў. У такім выпадку нашую краіну гэта таксама закране.
Так, Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) на паседжанні 27 верасня разгледзіць пытанне змены ці захавання памеру бязмытнага ўвозу тавараў для асабістага карыстання, паведамляе interfax.ru.
- Гэта пытанне, якое мусіць быць прынятае ў той ці іншы бок да 1 кастрычніка. У нас паседжанне Савета [Еўразійскай эканамічнай камісіі] 27 верасня, - сказаў віцэ-прэм'ер Расіі Аляксей Авярчук журналістам у кулуарах Усходняга эканамічнага форуму. - Якое там будзе прынятае рашэнне, залежыць ад пяцёркі краін. Розныя меркаванні ёсць. Ёсць краіны, якія кажуць, што трэба ўводзіць 200 [еўра], гэта не Расія.
Беларусь - чалец ЕАЭС і ў сувязі з узятымі на сябе абавязаннямі часам не можа прымаць рашэнні такога кшталту ў аднабаковым парадку. Менавіта гэта стрымлівала Мінск ад зніжэння лімітаў з красавіка 2022 года.
Журналістка «Люстэрка» як фізасоба патэлефанавала ў дзяжурную службу Мінскай рэгіянальнай мытні, каб даведацца, ці канчаткова прынятае рашэнне знізіць бязмытныя ліміты на ўвоз тавараў для асабістага карыстання. Там нам сказалі, што гэта «пакуль недакладна». Ці зменіцца дзейны ліміт, паводле супрацоўніка мытні, «відаць будзе бліжэй да 1 кастрычніка».
Нагадаем, цяперашнія ліміты ўвялі ў красавіку 2022-га на ўзроўні краін ЕАЭС, іх усталявалі да 1 кастрычніка, а потым падоўжылі яшчэ на паўгода - да 1 красавіка 2023 года. З 1 красавіка гэтага года ў Беларусі планавалі знізіць бязмытныя нормы пасылак з-за мяжы да 200 еўра і 31 кілаграма за адно адпраўленне (цяпер - 1000 еўра і 31 кілаграм на адну бандэроль), а таксама абмежаванні на ўвоз тавараў з-за мяжы праз наземныя межы - да 500 еўра і 25 кілаграмаў (цяпер - 1000 еўра і 31 кілаграм). Але рашэнне так і не набыло моц у сувязі з яшчэ адным падаўжэннем дзейных лімітаў на ўзроўні ЕАЭС. У ліпені ў Мінску зноў вярнуліся да гэтага пытання.
Чытайце таксама