Прэм'ер Польшчы патлумачыў, у чым Варшава бачыць пагрозу з боку вагнераўцаў, якія знаходзяцца ў Беларусі
13 жнiўня 2023 у 1691922180
«Зеркало»
Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі расказаў пра цяперашнія падзеі на мяжы з Беларуссю і пра тое, у чым афіцыйная Варшава бачыць пагрозу з боку наймітаў ПВК Вагнера, якія знаходзяцца ў нашай краіне. Інтэрв'ю з палітыкам апублікавала італьянскае выданне Corriere della Sera.
Польскі прэм'ер заявіў, што краіна ўжо больш за два гады зазнае атакі на яе ўсходнюю мяжу. Паводле яго словаў, гэта сумесны план Расіі і Беларусі, якія хочуць дэстабілізаваць не толькі саму Польшчу, але і ўвесь ЕС.
«Яны цынічна выкарыстоўвалі мігрантаў, каб ударыць па польскіх структурах бяспекі і разбурыць адзінства паміж еўрапейскімі саюзнікамі, - сказаў Маравецкі. - Толькі сёлета мы зарэгістравалі больш за 16 тысяч спробаў незаконна перасекчы польскую мяжу. Гэта пагроза для нашай дзяржавы. Бяспека ўсходняй мяжы Польшчы, якая насамрэч знешняя мяжа ЕС і NATO, ёсць нашым прыярытэтам».
Таксама Маравецкі патлумачыў, як менавіта размешчаныя ў Беларусі найміты ПВК Вагнера, на думку польскіх уладаў, могуць пагражаць краіне.
«Мы бачылі ў Афрыцы і Украіне, на што яны здольныя, - сказаў польскі прэм'ер. - Нядаўна больш за сто вагнераўцаў прыехалі ў раён Сувалак, недалёка ад польскай мяжы. Гэта можа быць наступны этап гібрыднай атакі на Польшчу. Байцы ПВК Вагнера ўяўляюць пагрозу, бо яны могуць замаскіравацца пад беларускіх памежнікаў і дапамагаць нелегальным мігрантам трапіць у нашую краіну. Яны таксама могуць вучыць мігрантаў правакацыям і атакам на польскія службы. Таксама яны маглі б паспрабаваць самі перасекчы мяжу, выдаючы сябе за нелегальных імігрантаў, а затым паспрабаваць дэстабілізаваць нашую краіну».
Акрамя таго, Маравецкі пракаментаваў заяву Пуціна пра тое, што заходнія рэгіёны Польшчы былі «падарункам Сталіна» Варшаве.
«Менавіта Савецкі Саюз з нацысцкай Германіяй уварваўся ў нашую краіну [у 1939 годзе] і захапіў усходнія тэрыторыі Польшчы. У Ялце [у лютым 1945 года на канферэнцыі саюзнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі] звышдзяржавы прынялі рашэнні, і Польшча атрымала тэрыторыі на захадзе ў якасці кампенсацыі за тое, што Сталін адабраў для СССР на ўсходзе (гаворка пра Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну. - Заўв. рэд.). Гэта [землі Польшчы на захадзе] не падарунак ад кагосьці, і Польшча не мае тэрытарыяльных прэтэнзій ні да когда са сваіх суседзяў адносна іх земляў. Гэта гістарычная праўда, і яна мацнейшая за расійскую прапаганду».
Чытайце таксама