Кіраўнік камітэта па нацбяспецы Літвы: Закрыццё пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю — толькі пытанне часу
4 жнiўня 2023 у 1691136120
«Зеркало»
Пасля таго як у Беларусі з'явіліся найміты ПВК Вагнера, закрыццё некаторых пунктаў пропуску на літоўска-беларускай мяжы стала толькі пытаннем часу. Магчымае і поўнае яе закрыццё, пра што ў эфіры LRT паведаміў старшыня Камітэта Сейма па нацыянальнай бяспецы і абароне Літвы Лаўрынас Кашчунас.
- Закрыццё некаторых пунктаў [пропуску на мяжы з Беларуссю] - гэта толькі пытанне часу. Гэта абавязкова будзе зроблена, - заявіў Лаўрынас Кашчунас.
Ён не назваў канкрэтных памежных пераходаў, аднак дадаў, што можа быць прынятае рашэнне і пра поўнае закрыццё мяжы, «калі мы ўбачым толькі пагаршэнне сітуацыі».
Паводле Кашчунаса, падпарадкаванае яму ведамства дало рэкамендацыю закрыць пэўныя пункты пропуску на літоўска-беларускай мяжы яшчэ пару месяцаў таму.
Кіраўнік камітэта па нацбяспецы таксама пракаментаваў заяву польскіх афіцыйных асобаў наконт магчымасці поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю з боку Польшчы. Ён заявіў, што ў Літве ўжо вядзецца падрыхтоўка да такога кроку, хоць і не афішуецца.
- Мы крыху адрозніваемся ад палякаў. Палякі дэманструюць трохі больш публічную дэманстрацыю сілы на мяжы. Мы не робім гэтага публічна, але ўвесь план, уся падрыхтоўка зробленыя. На нейкім этапе падключыцца і нашая армія, - растлумачыў Кашчунас.
На гэты момант на мяжы з Літвой працуюць усе пункты пропуску. На беларуска-польскай мяжы засталіся ўсяго два адкрытыя памежныя пераходы: «Брэст» («Тэрэспаль») для легкавых машын і аўтобусаў і «Казловічы» («Кукурыкі») - для грузавога транспарту.
Нагадаем, напярэдадні прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі і прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа сустрэліся ў Сувалкскім калідоры. Паводле іх ацэнкі, колькасць наймітаў ПВК Вагнера на тэрыторыі Беларусі складае каля 4 тысяч ці больш. Лідары абедзвюх краін заявілі, што ўжо прынятыя адпаведныя меры: узмоцненая ахова, падрыхтаваныя і абноўленыя планы перакрыцця межаў з Беларуссю.
Яшчэ раней міністр унутраных справаў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў, што Польшча, Латвія і Літва могуць закрыць межы з Беларуссю, калі на памежжы адбудуцца сур'ёзныя інцыдэнты з удзелам ПВК Вагнера.
У Літве таксама паведамілі, што гатовыя закрыць мяжу з Беларуссю «ў выпадку змены ўзроўню пагрозаў у рэгіёне». Акрамя таго, у краіне дапусцілі, што пасажырскія аўтобусныя рэйсы ў Беларусь могуць адмяніць праз пагрозу нацбяспецы.
Чытайце таксама