Польшча спыняе праезд праз мяжу зарэгістраваных у Беларусі і Расіі фур
26 мая 2023 у 1685112180
«Зеркало»
Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы збіраецца спыніць рух праз польска-беларускую мяжу зарэгістраваных у Беларусі і Расіі фур з таварамі. Праект распараджэння ўрада размясціў Цэнтр урадавага заканадаўства.
Тлумачыцца гэтая мера пытаннямі «забяспечання грамадскай бяспекі».
«Прыпыняецца да асобнага распараджэння грузавы рух праз мяжу з Рэспублікай Беларусь для грузавых аўтамабіляў, цягачоў, прычэпаў, у тым ліку паўпрычэпаў і аўтацягнікоў, зарэгістраваных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або Расійскай Федэрацыі», - гаворыцца ў тэксце дакумента.
У дакуменце адзначаецца, што ён уступіць у сілу праз суткі пасля афіцыйнай публікацыі. Пакуль жа, у адпаведнасці са звесткамі ўрадавага заканадаўчага цэнтра, гэтую пастанову яшчэ не падпісаў міністр унутраных справаў і адміністрацыі.
Адзначым, што чарговае абмежаванне з боку Польшчы наўрад ці нешта кардынальна зменіць для беларускіх грузаперавозчыкаў. Еўрасаюз забараніў аўтамабільныя грузаперавозкі, уключаючы транзітныя, для беларускіх і расійскіх кампаній. Праязджаць у ЕС пасля гэтага маглі беларускія фуры па спецыяльных прапусках. Іх маглі атрымаць, да прыкладу, фармацэўтычныя, медыцынскія, сельскагаспадарчыя кампаніі. Усім астатнім грузавікам з Беларусі і Расіі ўезд у Еўропу забаранілі яшчэ 9 красавіка мінулага года.
Адметна, што рашэнне ў Польшчы прынялі ў той дзень, калі Вярхоўны суд Беларусі пакінуў без задавальнення апеляцыю журналіста міжнароднага канала грамадскага тэлебачання Польшчы Polonia, актывіста Саюза палякаў Беларусі Анджэя Пачобута, асуджанага на восем гадоў калоніі.