Хрэнін і Шайгу падпісалі дакументы пра трыманне расійскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў Беларусі. Кантраляваць яе будзе Масква
апублікавана: 25 мая 2023 в 09.48
абноўлена: 25 мая 2023 в 10.02
«Зеркало»
Міністры абароны Беларусі і Расіі падпісалі дакументы, якія вызначаюць парадак трымання расійскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў спецыяльным сховішчы на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта 25 траўня паведаміла прэс-служба беларускага абароннага ведамства.
Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін на сустрэчы са сваім расійскім калегам Сяргеем Шайгу нагадаў, што ў рамках вайсковага і вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва Расія абсталявала нашыя ўзброеныя сілы новымі сучаснымі ўзорамі ўзбраення.
- Ва ўмовах невыканання гарантый бяспекі, дадзеных Рэспубліцы Беларусь у Будапешцкім мемарандуме 5 снежня 1994 года, а таксама бесперапыннай ваяўнічай рыторыкі, падмацаванай практычнымі дзеяннямі ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі з боку краін «калектыўнага» Захаду, на даручэнне кіраўнікоў нашых дзяржаваў арганізаваная работа па размяшчэнні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь нестратэгічнай ядзернай зброі Расійскай Федэрацыі. Гэта будзе дзейсным адказам на агрэсіўную палітыку недружалюбных нам краін і, мы спадзяёмся, прымусіць іх кіраўніцтва задумацца пра недапушчальнасць далейшай эскалацыі абстаноўкі ў рэгіёне, - заявіў Хрэнін.
Сяргей Шайгу ў сваю чаргу ўдакладніў, што Расія, размяшчаючы нестратэгічную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі, не перадае яе рэспубліцы, кантроль над ёю і рашэнне пра выкарыстанне застаецца за Масквой, піша Мінабароны РФ.
Адзначым, што Аляксандр Лукашэнка раней заяўляў, што калі Расія размесціць сваю тактычную ядзерную зброю ў нашай краіне, то кіраваць ёю будзе Беларусь.
«Усё будзе па законе і па правілах. Бескантрольнай зброі ў Беларусі няма і быць не можа. Таму кіраваць усім тым, што ёсць у Беларусі, будзем мы тут», - сказаў Лукашэнка ў сваім пасланні беларускаму народу 31 сакавіка.
Зрэшты, яго заявы хутка абверглі ў Крамлі.
Нагадаем, 25 сакавіка прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што Масква і Мінск дамовіліся размясціць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі, пра што «даўно прасіў» Аляксандр Лукашэнка. Паводле прэзідэнта Расіі, будаўніцтва спецыяльнага сховішча для гэтых узбраенняў скончыцца да 1 ліпеня 2023 года.
У сваім пасланні беларускаму народу 31 сакавіка Лукашэнка заявіў, што ў выпадку неабходнасці Пуцін можа ўвесці ў Беларусь і стратэгічную ядзерную зброю.
Чытайце таксама