«Як можна ставіцца да прапановаў таго, хто пазіцыянуе сябе як галоўнага каменданта канцлагера?» Меркаванне
6 лютага 2023 у 1675676460
«Зеркало»
Студзень гэтага года выдаўся багатым на яркія падзеі і гісторыі, у якіх, нібы ў адным кабелі пад ізаляцыяй, тым ці іншым чынам спалучалася адразу некалькі знакавых тэндэнцый у стасунках рэжыма і грамадства. Пра гэта ў сваёй калонцы разважае сацыёлаг Генадзь Коршунаў.
Першая гісторыя
Яна пра затрыманні і суды над беларускімі музычнымі гуртамі і музыкамі-спевакамі. Зразумела, тут перш за ўсё ўспамінаецца Tor Band, чые тэксты спяваліся на пратэстах 2020 года, а ролікі на ютубе мелі мільённыя прагляды (дарэчы, сацыялагічнае апытанне кажа, што іх словы «Мы - не быдла!» разам з купалаўскім «Не быць скотам!» і цоеўскім «Перамен!» сталі адным з галоўных лозунгаў падзей 2020−21 гадоў).
Кейс Tor Band звяртае на сябе ўвагу не толькі тым, што гэта першы музычны гурт, які атрымаў статус экстрэмісцкага фарміравання. Яго гісторыя шмат у чым тыповая для рэпрэсій у Беларусі: пераслед за падзеі 2020 года, групавое затрыманне (сужэнцаў ці бацькоў і дзяцей, калег ці сяброў), здзеклівыя «каруселі» прысудаў (калі даюць адны 15 сутак, потым другія, потым наступныя і гэтак далей), пасля - «крыміналка», а ў канцы - пакаранне, якое проста непараўнальнае з так званай «правінай» перад «дзяржавай» Лукашэнкі. І ў плечы - экстрэмісцкі статус!
Мае рацыю Вольскі, калі кажа, што ўлада сваімі рукамі робіць з беларусаў герояў. Гэта сапраўды ўзорны шлях, якім прайшлі і ідуць не толькі музыкі (прыгадайма, напрыклад, Litesound, Мэрыем Герасіменка, «Бан Жвірба»), але і тысячы, дзясяткі тысяч беларусаў.
Другая гісторыя
Яна пра тых беларусаў, што былі вымушаныя з'ехаць з краіны, хаваючыся ад палітычнага пераследу (паводле інфармацыі ПАСЕ, іх можа быць ад 200 да 500 тысяч). Гэта не самая новая гісторыя, таму што да «збеглых» Лукашэнка звяртаўся і летась, але цягам снежня аж двойчы ўздымаў гэтую тэму - у царкве на Раство і 24 снежня на нарадзе па грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне. Нібыта з апеляцыяй да агульначалавечых каштоўнасцяў зноў агучваліся прапановы «пакаяцца», стаць «яшчэ большымі ябацькамі, чым тыя, хто цяпер нас акружае», і вяртацца.
Шукаючы прычын узрастання ўвагі Лукашэнкі да гэтага пытання, эксперты разважалі, ці гэта проста прапаганда, ці, можа, сапраўды намаганні неяк пачаць вырашаць палітычны крізіс у краіне ці выпраўляць катастрофу з ад'ездам адукаваных кадраў (дарэчы, пра партрэт актыўнай часткі беларускай дыяспары можна паглядзець спецыяльнае даследаванне)… У выніку большасць пагадзілася на тым, што якія б прычыны ні былі, а да змены рэжыму вяртацца не варта.
Яно і сапраўды: як слушна заўважыў Арцём Шрайбман, Лукашэнка тых, хто з'ехаў, называе «збеглымі», карыстаючыся зонаўскай феняй, нібы гэтыя людзі сапраўды збеглі з турмы ці канцлагера. Як можна ставіцца да прапановы таго, хто пазіцыянуе сябе - няважна, свядома ці падсвядома - як галоўнага каменданта канцлагера? Пытанне рытарычнае.
Трэцяя гісторыя
Яна самая працяглая - пра змаганне рэжыму Лукашэнкі з беларушчынай. Здаецца, што тут магло адбыцца новага: працягваюць залічвацца да экстрэмісцкіх кніжкі пра Беларусь, ліквідуюцца беларускія выдавецтвы, сцвярджаецца новая - яшчэ больш прарасійская - канцэпцыя дзяржаўнай гістарыяграфіі, шукаюцца грошы на помнікі расійскім дзеячам у беларускія гарады…
Але ж і новае ёсць, а менавіта новая ахвяра - беларуская лацінка. Нібыта з яе дапамогай адбываецца навязванне ліберальных каштоўнасцяў і чужых культурных традыцый. А яшчэ кажуць, што з XVI стагодздзя лацінка паланізуе і каталізуе беларусаў (глыбокі паклон рускамірскаму наратыву). Якім трэба быць некампентэнтным і бессаромным чалавекам, каб ставіць беларускую лацінку побач з польскай; як трэба не ведаць і не паважаць сваю гісторыю часоў ВКЛ, Рэфармацыі, нацыянальнага руху XIX і пачатку ХХ стагоддзя…
Але беларускай уладзе не прывыкаць браць вышыні імені Данінга - Кругера. Што заўгодна, абы душыць беларушчыну. Бо - нескароная, бо - непадкантрольная, бо - няруская. Таму і шчыруюць у тэрмінах пакарання і фармулёўках такім людзям, як, напрыклад, Павел Белавус («…распространял идеи белорусского национализма, целью которых являлась смена государственной власти в Беларуси», ці адміністратар канала «Па-беларуску» («Продвигались бчб-кони, латиница и ненависть к русскоязычному социокультурному пространству»).
P. S. Пры канцы - пра так званае «мелкотемье» - аварыі ў ЖКГ. Толькі за снежань яны адбываліся як найменей 7 разоў. Пабуду бабуляй Вангай - іх будзе яшчэ больш. Чаму? Таму што спецыялісты з'язжаюць, а грошы ўлада накіроўвае на міліцыю і армію. Так што рыхтуймася.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.