«Не адбыла нават паловы тэрміну». Намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі расказала, чаму адмовілі ў памілаванні расіянцы Сапезе
31 студзеня 2023 у 1675154400
«Зеркало»
Намесніца кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Вольга Чупрыс расказала БЕЛТА, чаму адмовілі ў памілаванні расіянцы Соф'і Сапезе.
- Адмоўлена абсалютна законна. Каб адбыўся акт памілавання, неабходна, каб быў выкананы шэраг умоваў. Яна мае права звярнуцца, як і любыя іншыя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, і замежнікі. Тут ніякіх выключэнняў або нейкага перадузятага стаўлення. Таму што звяртаюцца вельмі многія насамрэч, - сказала Вольга Чупрыс.
Намесніца кіраўніка адміністрацыі адзначыла, што такі зварот заўсёды ацэньваецца на прадмет адпаведнасці крытэрам.
- У прыватнасці, асуджаная, якая выказала жаданне напісаць такое хадайніцтва на імя прэзідэнта, не адбыла нават паловы тэрміну, хоць яна мела права звярнуцца. У прэзідэнта было права памілаваць і ў гэтым выпадку. Але калі ацэньваць у цэлым усе крытэры, то ў дадзеным выпадку выключэнняў, якія б паслужылі падставай для таго, каб кіраўнік дзяржавы прыняў такое рашэнне, не было, - сказала яна.
Нагадаем, Соф'ю Сапегу затрымалі 23 траўня 2021 года разам з былым галоўным рэдактарам тэлеграм-канала NEXTA Раманам Пратасевічам у мінскім аэрапорце пасля таго, як улады Беларусі пасадзілі самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільнюс. Пара вярталася з адпачынку. Дзяўчыну абвінавацілі ў адміністраванні тэлеграм-канала «Чорная кніга Беларусі», у якім публікуюцца асабістыя звесткі сілавікоў.
Суд пачаўся 28 сакавіка 2022 года і праходзіў у закрытым рэжыме. Сапезе выставілі абвінавачанні па сямі артыкулах, але прызналі вінаватай па двух - па ч. 3 арт. 130 (у здзяйсненні наўмысных дзеянняў, скіраваных на распальванне іншай сацыяльнай варожасці, варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых арганізаванай групай асобаў, якія пацягнулі іншыя цяжкія наступствы), а таксама па ч. 1 арт. 179 (незаконныя збор альбо распаўсюджванне звестак пра прыватнае жыццё, якія складаюць асабістую ці сямейную тайну іншай асобы, без яе згоды, якія пацягнулі нанясенне шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам пацярпелых).
Яе асудзілі на шэсць гадоў калоніі агульнага рэжыму. Сапега ў калоніі працуе швачкай. Раней у перапісцы яна расказала маці, што працы шмат, усе працуюць без перапынку, здароўе ад стрэсу «вымушае жадаць лепшага». У адным з лістоў дзяўчына папрасіла маці паабяцаць ёй, што тая забярэ яе з калоніі.