Пошукі «калектыўнага розуму», зачыстка партый і абноўлены Выбарчы кодэкс. Дэпутаты прынялі адразу дзесяць законапраектаў
25 студзеня 2023 у 1674668760
«Зеркало»
У сераду, 25 студзеня, прайшло чарговае ўдарнае паседжанне Палаты прадстаўнікоў, на якім парламентарыі менш чым за тры гадзіны разгледзелі і прынялі дзесяць законапраектаў, у тым ліку пра грамадзянскую супольнасць і пра змены ў Выбарчы кодэкс. Расказваем, якія дакументы атрымалі ўхвалу дэпутатаў і як гэта паўплывае на жыццё беларусаў.
Пра Усебеларускі народны сход
Дэпутаты прынялі ў другім чытанні праект закона пра Усебеларускі народны сход (УНС) - нагадаем, у першым чытанні ён быў прыняты 20 снежня.
Да другога паседжання законапраект быў дапрацаваны. У ім з'явіліся палажэнні, якія замацоўваюць права УНС зацвярджаць памятныя даты, канкрэтызаваныя нормы што да разгляду УНС пытанняў пра ўзнагароджанне дзяржаўнымі ўзнагародамі, скарэктаваныя прадпісанні, звязаныя з удзелам дэлегатаў у працы УНС, у тым ліку што да кампенсацыі выдаткаў праезду да месца правядзення паседжанняў УНС і назад, па найме жылога памяшкання і за пражыванне па-за месцам жыхарства ў сувязі з удзелам дэлегата ў паседжаннях УНС і яго органаў. Таксама прадугледжваецца распаўсюджванне на дэлегатаў УНС антыкарупцыйных правілаў.
Нагадаем, згодна з законапраектам, да УНС пяройдуць важныя паўнамоцтвы прэзідэнта і іншых органаў улады. Ён будзе прапаноўваць змены ў Канстытуцыю, выступаць з ініцыятывай правядзення рэферэндумаў, разглядаць пытанні легітымнасці выбараў, прымаць рашэнне пра зняцце прэзідэнта з пасады, уводзіць надзвычайнае і ваеннае становішча, а таксама даваць даручэнні любым дзяржорганам і адмяняць іх рашэнні. УНС будзе прызначаць суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, а таксама чальцоў Цэнтрвыбаркама.
Максімальная колькасць удзельнікаў сходу складзе 1200 чалавек, яго дэлегатамі будуць старшыні выканкамаў, дэпутаты дзвюх палат парламента, суддзі Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў, прэм'ер-міністр і іншыя чальцы ўрада, дзейны і экс-прэзідэнт. 350 чалавек будуць прадстаўляць мясцовыя саветы, 400 - арганізацыі грамадзянскай супольнасці, напрыклад, такіх як «Белая Русь» і Федэрацыя прафсаюзаў. Тэрмін паўнамоцтваў сходу - пяць гадоў.
Закон таксама вызначае парадак працы УНС, разгляду ім некаторых пытанняў, паўнамоцтвы сходу і яго дэлегатаў.
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Святлана Любецкая назвала УНС «калектыўным розумам, калектыўнай ініцыятывай, калектыўным фільтрам справядлівасці і кіраўніком».
- Гэтая ідэя прысутнічае ў прававых сістэмах многіх краін, і яна па-рознаму рэалізаваная. Яна сведчыць пра тое, што кожнае грамадства шукае пункт апоры, фармуе слуп балансу, прыцягваючы само грамадства да гэтага, - заявіла яна.
Пра грамадзянскую супольнасць
Таксама ў другім чытанні быў прыняты праект закона «Аб асновах грамадзянскай супольнасці» - першае ён таксама прайшоў 20 снежня.
- Законапраект распрацаваны ў мэтах прававога забяспечання рэгулявання сферы ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў (арганізацый) і грамадзянскай супольнасці і скіраваны на кансалідацыю намаганняў асобы, грамадства і дзяржавы па рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь, - паведамілі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.
Сярод іншага там вызначаныя паняцці «грамадзянская супольнасць» і «суб'екты грамадзянскай супольнасці» (так, як іх бачаць беларускія ўлады), акрэсленыя іх прынцыпы, задачы і «асаблівыя формы» ўзаемадзеяння з дзяржавай.
Грамадзянскай супольнасцю ў законапраекце прапануецца лічыць «людзей, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю праз удзел у грамадскіх адносінах і інстытутах, не забароненых законам». А лічыцца прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці змогуць толькі праўладныя недзяржаўныя структуры і аб'яднанні.
Нагадаем, у красавіку мінулага года Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў заканадаўча замацаваць паняцце «грамадзянская супольнасць». Ён таксама заяўляў пра «блізкую вялікую працу ў партыйным будаўніцтве і навядзенне парадку ў грамадскіх аб'яднаннях».
Тым часам у Беларусі з 2021 года праходзіць масавая зачыстка грамадзянскай супольнасці, мноства арганізацый былі закрытыя або знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі. Частка арганізацый перавяла сваю дзейнасць за мяжу, там жа працуюць многія незалежныя медыя.
Абноўлены Выбарчы кодэкс
У другім чытанні таксама быў прыняты законапраект новага Выбарчага кодэкса, які прадставіў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Віктар Свіла.
У першым чытанні законапраект быў прыняты 14 снежня. Як растлумачыў Свіла, падчас дапрацоўкі дакумента да другога чытання былі ўлічаныя ўдакладняльныя прапановы ад дзяржорганаў, асобныя нормы былі ўзгодненыя з праектам закона аб УНС.
Абноўлены Выбарчы кодэкс прадугледжвае карэктаванне нормаў у сувязі з зацверджаннем новай Канстытуцыі, законам «Аб дзяржаўнай службе» і іншымі заканадаўчымі актамі, у ім таксама ўводзяцца новыя цэнзы для дэпутатаў і прапісваецца працэдура фарміравання Усебеларускага народнага сходу.
Пра партыі і грамадскія аб'яднанні
Праект закона «Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў» быў прыняты адразу ў двух чытаннях - яго прадставілі міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Хаменка і старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Генадзь Давыдзька.
Гэты дакумент прапануе ўнесці змены ў законы «Аб палітычных партыях» і «Аб грамадскіх аб'яднаннях». У прыватнасці, ён прадугледжвае:
- значнае павелічэнне мінімальнага парога колькасці чальцоў для стварэння палітычнай партыі - да 5000 чалавек;
- неабходнасць стварыць арганізацыйныя структуры палітычных партый у кожнай вобласці і Мінску, а таксама не менш чым у траціне раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання ва ўсіх абласцях краіны і не менш чым у траціне раёнаў Мінска;
- дазвол фінансавання за кошт сродкаў рэспубліканскага або мясцовага бюджэту; павышэнне патрабаванняў да заснавальнікаў палітычнай партыі - імі змогуць быць толькі грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць у краіне і дасягнулі 18-гадовага ўзросту;
- абіраць кіраўнічы орган палітычнай партыі трэба не радзей за раз на пяць гадоў;
- памер атрыманых грашовых сродкаў і іншай маёмасці ад адной арганізацыі або грамадзяніна абмяжоўваецца да 1000 базавых велічынь за год;
- партыі могуць ліквідаваць «у выпадку прапаганды вайны, тэрарыстычнай, экстрэмісцкай, іншай забароненай заканадаўствам дзейнасці, дзейнасці, якая наносіць шкоду дзяржаўным і (або) грамадскім інтарэсам», а таксама праз атрыманне грашовых сродкаў і іншай маёмасці з замежных крыніц;
- для ўсіх партый разам са спецыфічнымі зацвярджаюцца ўніверсальныя асноўныя мэты і задачы, якія мусяць быць замацаваныя ў статутах: гэта «забяспечанне непахіснасці канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды, удзел у кіраванні дзяржавай праз сваіх прадстаўнікоў, садзейнічанне рэалізацыі і абароне правоў, свабод і інтарэсаў грамадзян і інш.».;
- перарэгістраваць палітычныя партыі неабходна цягам паўгода.
Сярод навацый у закон «Аб грамадскіх аб'яднаннях»:
- рэспубліканскім грамадскім аб'яднанням прадпісваецца мець арганізацыйныя структуры ва ўсіх абласцях краіны і Мінску;
- падаваць дакументы для дзяржаўнай рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў можна будзе ў электронным выглядзе;
- патрабаванні да юрыдычнага адраса грамадскага аб'яднання будуць спрошчаныя.
Сяргей Хаменка, які прадстаўляў законапраект, адзначыў, што прайсці рэгістрацыю змогуць не ўсе партыі:
- Ёсць шэраг партый, якія на сённяшні дзень наўрад ці выканаюць умовы, названыя ў законапраекце. У першую чаргу будзе правярацца выкананне патрабавання пра мяжу ў 5 тысяч чалавек. Пры гэтым тыя партыі, якія будуць праходзіць рэгістрацыю, пададуць адпаведныя дакументы, патрабаванні да якіх пазначаныя ў законапраекце, - сказаў ён.
Паводле яго словаў, будзе правярацца наяўнасць арганізацыйных структур у абласных цэнтрах і Мінску, наяўнасць не менш чым 100 чальцоў у кожным рэгіёне.
- Асаблівая ўвага будзе звернутая на адпаведнасць статутаў партый і наяўнасць тых універсальных, агульных патрабаванняў, якія былі адзначаныя вышэй, і недапушчэнне нейкіх іншых праяваў, якія ўплываюць на наяўнасць стабільнасці ў нашым грамадстве і, вядома, падтрыманне канстытуцыйнага ладу, - заявіў міністр.
Пра ахову навакольнага асяроддзя
У першым чытанні быў прыняты законапраект пра змены ў закон «Аб ахове навакольнага асяроддзя», які прадставілі міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык і намесніца старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Валянціна Бягеба.
- У мэтах захавання ўстойлівага функцыянавання экалагічных сістэм уводзіцца прынцып экасістэмнага падыходу, які дазволіць комплексна забяспечваць рашэнне пытанняў аховы навакольнага асяроддзя, - паведамілі ў прэс-службе.
Адзначаецца, што дакумент вызначае напрамкі развіцця зялёнай эканомікі ў Беларусі з мэтай устойлівага развіцця.
Прадугледжваюцца ўкараненне інструментаў падтрымкі зялёнай эканомікі, стварэнне ўмоваў для фармавання эканомікі замкнёнага цыклу (цыркулярнай эканомікі), якія арыентаваныя на максімальную замену выкарыстання неаднаўляльных прыродных рэсурсаў аднаўляльнымі, рэсурса- і энергазберажэнне, мінімізацыю адходаў. Паводле задумы аўтараў, гэта дазволіць знізіць нагрузку на навакольнае асяроддзе.
Таксама ўдакладняюцца эканамічныя механізмы аховы навакольнага асяроддзя - яны ўтрымліваюць меры эканамічнага стымулявання, уключаючы выкарыстанне найлепшых даступных тэхнічных метадаў, рэсурсазберагальных тэхналогій і практык і «зялёных» закупак.
Пра прымусовае лячэнне ў ЛПП
Дэпутаты прынялі ў першым чытанні законапраект пра прымусовае лячэнне ў лекава-працоўным прафілакторыі (ЛПП) і рэадаптацыі, прадстаўлены кіраўніком МУС Іванам Кубраковым і чальцом Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Святланай Адзінцовай.
Ён у тым ліку вызначае катэгорыі грамадзян, якія падлягаюць ізаляцыі ў ЛПП, і спрашчае працэдуру медыцынскага агляду, неабходнага для вырашэння пытання пра накіраванне ў ЛПП.
- Заканадаўчае замацаванне прапанаваных ініцыятываў дазволіць максімальна спрасціць працэдуру ізаляцыі грамадзян у лекава-працоўныя прафілакторыі і, адпаведна, знізіць узровень негатыўных сацыяльных і эканамічных наступстваў п'янства, алкагалізму і наркаманіі, - прыводзіць словы Кубракова прэс-служба МУС.
Новым праектам закона прапануецца пасля двух правапарушэнняў у стане алкагольнага ап'янення выносіць рашэнне пра накіраванне ў ЛПП і праводзіць толькі адну медыцынскую камісію для выяўлення сіндрому залежнасці. На думку Кубракова, такія падыходы дазволяць пачынаць працу з правапарушальнікамі на больш ранніх стадыях, піша інфармацыйнае агенцтва Sputnik Беларусь.
Адказваючы на пытанні дэпутатаў пра тое, ці справяцца магутнасці наяўных ЛПП з наплывам людзей, Кубракоў паведаміў, што МУС прагназуе павелічэнне колькасці асобаў, якія будуць накіроўвацца ў ЛПП. На 2023 год ведамства запланавала рэканструкцыю дзвюх установаў - мужчынскага ЛПП № 5 і жаночага ЛПП № 9 у Віцебску на 800 месцаў.
- Акрамя гэтага, будзе перапрафіляваная Івацэвіцкая папраўчая калонія. Ужо падрыхтаваны праект дакумента на 2500 асобаў. Праблемы з утрыманнем не будзе, - запэўніў Кубракоў.
Паводле яго, накіраваных у абавязковым парадку прыцягнуць да працы, у ЛПП будуць арганізаваныя працоўныя месцы.
Што яшчэ разгледзелі
Акрамя таго, дэпутацкі корпус прыняў у адным чытанні чатыры законапраекты аб ратыфікацыі міжнародных дамоваў.
У тым ліку парламентарыі ратыфікавалі пагадненне паміж Беларуссю і Таджыкістанам аб садзейнічанні ўзаемнаму гандлю.
Разам з тым было прыпыненае міжурадавае пагадненне з Польшчай аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі, падпісанае ў 2016 годзе. Яно прадугледжвала непасрэдныя кантакты паміж ВНУ, абмен студэнтамі, аспірантамі, выкладчыкамі, стажыроўкі для павышэння кваліфікацыі.
Міністр адукацыі Андрэй Іванец, які прадставіў законапраект, заявіў, што «адной з падставаў для заключэння пагаднення стала нармалізацыя адносін паміж Польшчай і Беларуссю», аднак апошнія два гады ўлады бачаць з боку Польшчы «шэраг недружалюбных крокаў, у тым ліку ў рамках дзейнасці міжнародных структур».
Дзеянне пагаднення прыпынілі яшчэ і дзеля «забяспечання нацыянальных інтарэсаў, у тым ліку ў мэтах перадухілення адтоку выпускнікоў агульнаадукацыйных установаў за мяжу».
Таксама дэпутаты пагадзіліся скасаваць пагадненне з Францыяй аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, адукацыі, навукі і тэхнікі, СМІ. Як растлумачыў міністр культуры Анатоль Маркевіч, «у апошнія некалькі гадоў з боку Францыі адсутнічала цікавасць да двухбаковых кантактаў у рамках гэтага пагаднення», а ўзаемадзеянне па лініі адказных ведамстваў практычна не ажыццяўляецца. Праз гэта ён назваў далейшае супрацоўніцтва дзвюх краін у рамках пагаднення «немэтазгодным».
Нарэшце, быў ратыфікаваны Чацвёрты пратакол аб унясенні зменаў у статут АДКБ. Згодна з дакументам, артыкул 8 статута дапаўняецца палажэннем аб узаемадзеянні дзяржаваў - чальцоў АДКБ у сферы біялагічнай бяспекі, а артыкул 17 - палажэннем аб датэрміновым спыненні паўнамоцтваў генеральнага сакратара АДКБ рашэннем Савета калектыўнай бяспекі, якое прымаецца па прадстаўленні Савета міністраў замежных справа ў арганізацыі.
Намеснік міністра замежных справаў Юрый Амбразевіч, які прадставіў законапраект, паведаміў, што другая папраўка уносіцца «ў мэтах максімальна эфектыўнага функцыянавання Сакратарыята ва ўмовах узнікнення непрадбачаных абставінаў, звязаных у тым ліку з немагчымасцю ажыццяўлення генеральным сакратаром сваіх функцый».
- Унясенне названых змяненняў абумоўленае датэрміновым спыненнем у 2018 годзе паўнамоцтваў прадстаўніка Арменіі на пасадзе генеральнага сакратара АДКБ. Як мы ўсе памятаем, у выніку арганізацыя паўтара года функцыянавала без найвышэйшай службовай асобы, - сказаў ён.
На ўсё ў парламентарыяў пайшло трохі больш за дзве з паловай гадзіны - паседжанне Палаты прадстаўнікоў адкрылася ў 8.06, а закрылася ў 10.47.