Справу ў дачыненні да Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна за «заклікі да санкцый» перадалі ў суд. Шкода — больш за 800 тыс. рублёў
28 кастрычнiка 2022 у 1666966500
«Зеркало»
Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна. Ім інкрымінаваныя заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, паведамілі ў ведамстве.
Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаныя ў жніўні 2020 года стварылі не зарэгістраванае ва ўстаноўленым парадку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь аб'яднанне «Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці». Праз яго з дапамогай СМІ і глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт «распаўсюджваліся загадзя ілжывыя звесткі і выдумкі пра падзеі, якія мелі месца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь перад і пасля выбараў прэзідэнта».
«Фігуранты, у прыватнасці, звярталіся да дзяржаваў, замежных і міжнародных арганізацый і юрыдычных асобаў аб увядзенні санкцый у дачыненні да Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі і іншых спартыўных арганізацый, а таксама аб пераносе шэрагу міжнародных спаборніцтваў, у тым ліку ЧС па хакеі, а таксама адмове ад іх фінансавання», - гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.
Акрамя таго, дадалі ў пракуратуры, Герасіменя і Апейкін заклікалі не дапускаць спартоўцаў беларускай зборнай да спаборніцтваў, у тым ліку на Алімпійскія гульні, пад нацыянальным дзяржаўным сцягам. Спартоўцам яны прапаноўвалі ажыццяўляць падрыхтоўку за межамі нашай краіны, абяцаючы фінансавую падтрымку.
«Гэтыя дзеянні спрыялі адмене шэрагу спартыўных мерапрыемстваў і нанеслі шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі ў палітычнай і сацыяльных сферах. Матэрыяльная шкода перавысіла 800 тыс. рублёў», - падсумавалі ў ведамстве.
Паведамляецца, што па крымінальнай справе са згоды генеральнага пракурора праведзеная спецыяльная вытворчасць. А ў дачыненні да ўсіх фігурантаў завочна абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
Нагадаем, Следчы камітэт 29 верасня расказаў, што трохразовую медалістку Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнку свету і Еўропы ў плаванні Аляксандру Герасіменю, якая раней узначальвала Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (БФСС), і выканаўчага дырэктара БФСС Аляксандра Апейкіна збіраюцца судзіць завочна за «заклікі да санкцый». Праз два тыдні яе справу перадалі пракурору для накіравання ў суд.
Што такое спецыяльная вытворчасць
Як тлумачаць на сайце СК, «спецыяльная вытворчасць - вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс». То-бок спецвытворчасць фактычна з'яўляецца першым крокам да нядаўна ўзаконеных у Беларусі завочных судоў над тымі, хто знаходзіцца за мяжой.
Разам з абвяшчэннем пра адкрыццё спецыяльнай вытворчасці СК выклікае фігурантаў у Беларусь для правядзення следчых дзеянняў - публікацыя гэтай інфармацыі на сайце ведамства па цяперашнім законе лічыцца належным паведамленнем. Усіх іх чакаюць у Мінску ў Цэнтральным апараце СК на вуліцы Фрунзе, 19.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка ў ліпені падпісаў закон пра змены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, якія дазваляюць судзіць беларусаў, што знаходзяцца за мяжой, завочна і нават прысуджаць іх да расстрэлу.